Магілёўскія дэмакраты прынялі заяву з асуджэннем тэрарыстычных дзеянняў
У заяве рашуча асуджаюцца тэрарыстычныя дзеянні, накіраваныя супраць беларускага народа.
Вечарам 12 красавіка Каардынацыйная рада Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл прыняла заяву ў сувязі з крывавым тэрарыстычным актам 11 красавіка ў горадзе Мінску, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
У заяве утрымліваюцца чатыры пункты, у якіх Каардынацыйная рада Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл заяўляе наступнае:
1. Мы рашуча асуджаем тэрарыстычныя дзеянні, накіраваныя супраць Народа Рэспублікі Беларусь.
2. Мы выказваем глыбокае спачуванне пацярпелым, родным і блізкім загінуўшых у выніку тэрарыстычнага акта.
3. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі поўнага і адкрытага расследвання гэтага жахлівага злачынства, а не імітавання актыўных дзеянняў сілавымі структурамі, як гэта было падчас расследвання тэрарыстычнага акту, здзейсненага 3 ліпеня 2008 года.
4. Мы заклікаем усіх актывістаў дэмакратычнага руху і неабыякавых грамадзян краіны аказаць пацярпелым донарскую і іншую пасільную дапамогу.
Па словах сташыні Каардынацыйнай рады Юрыя Новікава, прадстаўнікоў дэмакратычных сіл хвалюе пытанне аб тым, што ўлады зноў могуць пачаць пад выглядам правядзення расследвання неабгрунтаваны пераслед актывістаў апазіцыі, як гэта ўжо было пасля выбуху 3 ліпеня 2008 года ў горадзе Мінску.