Мікалай Чаргінец уступіў у барацьбу за правы чалавека
Ён накіраваў у міжнародныя структуры пратэст з нагоды стварэння спісу беларускіх чыноўнікаў, неўязных у краіны Еўрасаюза.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі выступіў з заявай, у якой адзначае, што складанне падобных спісаў неправамерна з пункту гледжання міжнароднага права, у прыватнасці, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Знаходзячыся сам у гэтым спісу, Мікалай Чаргінец задаецца пытаннем: "Як можна было абвінаваціць мяне ў фальсіфікацыі выбараў, калі кожнаму ясна, што фальсіфікаваць можа той чалавек, які з'яўляецца сябрам выбаркама або браў удзел у падліку галасоў? Як можна абвінаваціць мяне ў так званых Еўрасаюзам рэпрэсіях у адносінах да ўдзельнікаў незаконнай маніфестацыі 19 снежня 2010 года, калі мне ў састарэлым узросце проста немагчыма займацца гэтым?".
Чаргінец адрасаваў свой пратэст у Камітэт ААН па правах чалавека, Еўрасаюз і іншыя еўраструктуры, перадае БелаПАН.