Людзі не хочуць ездзіць у таксі, а таксісты плануюць павысіць кошты
Кіроўцы праз падаражэнне паліва губляюць амаль палову прыбытку.
“Усё падаражэла, а кошты на праезд засталіся тыя ж. Не тая выручка. Крыху менш чым на палову яна зменшылася”, — скардзіцца таксіст, якога карэспандэнт Еўрарадыё напаткаў на вуліцы Багдановіча, — “Не тыя паездкі. Людзі перасталі ўжо ездзіць. Раней мы бралі вызавы па 6 кіламетраў, а цяпер — па 3, 4 кіламетры, бо мы едзем палову шляху за свой кошт, а гэта нявыгадна”.
З гэтай нагоды многія людзі збіраюцца сыходзіць з таксі, працягвае хлопец.
“У таксі ёсць людзі, якія збіраюцца сыходзіць, бо людзі перастаюць ездзіць, для іх гэта становіцца зашмат”.
Паслухаўшы праблемы таксістаў, Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці вырастуць кошты на паездкі бліжэйшым часам — улічваючы нядаўняе падаражэнне паліва.
У буйной службе таксі карэспандэнту тлумачаць, што кошты на паслугі таксі могуць узрасці больш як на 20%.
“Крыху больш за 20%. Больш за 20% будзе. Але мы лічым, канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае. Кожная фірма будзе па-свойму вырашаць гэтае пытанне ў сувязі з канкурэнцыяй. Кожны будзе свае лічбы прапаноўваць”.
З-за падаражэння паліва многія таксісты пакідаюць працу, яна становіцца нерэнтабельнай, цвердзіць наш суразмоўца.
“На сённяшні дзень многія кіроўцы сыходзяць, бо нерэнтабельна працаваць. Хапае толькі на накладныя расходы. Колькасць людзей, якія могуць дазволіць сабе таксі, скарачаецца. Замоваў становіцца менш. І пры нізкіх тарыфах рэнтабельнасць мінусавая”.
У іншых службах таксі таксама кажуць пра падаражэнне. Праўда, пакуль не могуць вызначыцца з новымі коштамі. Яно не дзіўна, бо паліва павысілася ў цане толькі сёння — 7 чэрвеня.
“Зменяцца яны ў любым выпадку. Праўда, як і калі, я вам сказаць не магу пакуль”, — тлумачаць у службе таксі 181.
У службе таксі 152 кажуць, што ў самы бліжэйшы час мяняць тарыфы не збіраюцца. Але на будучыню мажлівасці такой не выключаюць.
“Будзем думаць. Можа, будзем і ўздымаць тарыф. Пакуль застаўся папярэдні — 1740 за кіламетр”.
Нагадаем, гэта ўжо чацвёртае павышэнне цэн на паліва ў 2011 годзе і другое — за апошнія два тыдні: з 24 траўня рознічныя кошты на нафтапрадукты выраслі на 16–24%. Нагадаем, дызпаліва цяпер каштуе 5100 рублёў, у столькі ж абыдзецца бензін А92. Бензін А95 падняўся ў кошце да 5800 рублёў. Агулам жа паліва падаражэла на 31%.
фота: uralweb.ru