Ляонцьеў: Беларусы цярплівыя, але кожнае цярпенне мае сваю мяжу
Валютны хаос у Беларусі пагоршыла спроба ўладаў не заўважыць крызіс там, дзе ён ёсць, заявіў палітолаг і тэлевядучы Міхаіл Ляонцьеў.
Так расійскі эксперт пракаментаваў 19 красавіка ER-Portal.ru захады Нацбанка Беларусі аб зняцці абмежаванняў па ўтварэнні курсу валют на пазабіржавым рынку для юрыдычных асоб.
Беларускі крызіс найперш звязаны са спробай афіцыйнага Мінска не прызнаць наяўнасць праблемаў, якія, па сутнасці, збіраліся гадамі і дэмпфіраваліся толькі падтрымкай з боку Расіі, мяркуе Ляонцьеў. Танны расійскі газ, актыўны імпарт беларускіх тавараў на рынак РФ, датацыі Масквы і іншыя фактары — усё гэта дазваляла Беларусі заставацца "сацыяльнай" дзяржавай.
"Паступова прэферэнцыі з боку Расіі згортваліся і высыхалі, і гэты працэс апынуўся фонам апошніх падзеяў у адносінах Расіі і Беларусі. Маштабы і магчымасці рэзка скараціліся, плюс, з прычыны сусветнага крызісу, пагоршылася агульнасусветная рынкавая кан'юнктура. І вось — вынік, абвальванне валютных рэзерваў", — кажа Ляонцьеў.
Тым не менш, бачыць ён і "пазітыў", які палягае ў тым, што "ў краіне бушуе пакуль толькі валютны крызіс". "Ён, хоць і б'е па ашчаджаннях насельніцтва, але затое самі гэтыя ашчаджанні, думаю, не вельмі вялікія — у кожным разе, у параўнанні з аб'ёмамі расійскіх трымальнікаў валют. Ізноў-такі, беларусы — народ цярплівы, але варта памятаць, што кожнае цярпенне мае свае межы", — мяркуе Ляонцьеў.