Лябедзька: Раманчук не створаны для такіх кампаній

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які выйшаў са следчага ізалятара КДБ 6 красавіка,  дагэтуль не ведае "ўсіх нюансаў" сітуацыі з Яраславам Раманчуком. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю БелаПАН.

Па словах Лябедзькі, пасля выйсця з СІЗА ён бачыўся з Раманчуком, але да канца ў сітуацыі яшчэ не разабраўся. "Яраслаў сказаў, што калі ён бы гэта не зрабіў, то была б фізічная расправа нада мной і іншымі людзьмі. Не ведаю, як бы я ў гэтай сітуацыі дзейнічаў", — сказаў лідар АГП.

"Пасля вызвалення ў мяне склалася ўражанне, што шмат хто лічаць самай вялікай праблемай у краіне справу Раманчука, але гэта не так, — падкрэсліў Лябедзька. — Так, Яраслаў Раманчук — адзін з людзей, да паводзін якіх ёсць пытанні. Іншая справа, што ў сілу нейкіх акалічнасцяў ён узяў усё на сябе, як губка".

"Яраслаў Раманчук не створаны для такіх кампаній, якія праводзяцца ў Беларусі, я гэта цяпер разумею. І гэта дзесьці і мая віна, што я да канца не дадумаў, што можа быць вось такі сцэнар", — дадаў Лябедзька.

Ён падкрэсліў, што перад ім цяпер стаіць "задача перафарматавання каманды". "Я павінен разумець, хто ёсць хто ў гэтай камандзе", — сказаў лідар партыі.

Фота: westki.info