Курсанты Акадэміі МУС атрымоўваюць не стыпендыю, а заробак

Інтэрнэт поўніцца чуткамі пра неверагодныя стыпендыі курсантаў Акадэміі МУС. Маўляў, яны атрымоўваюць больш за мільён. Еўрарадыё высветліла, што чуткі не адпавядаюць рэчаіснасці, хоць насамрэч ўзніклі не на пустым месцы. Аказваецца, курсанты стыпендыі не атрымоўваюць зусім. Замест яе ім выплачваюць паўнавартасны заробак.

“У нас не стыпендыя. У нас курсанты з’яўляюцца з моманту паступлення на вучобу супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Іх прымаюць на службу. Адпаведна, яны атрымліваюць заробак”.

А вось назваць памер заробку курсантаў у бухгалтэрыі Акадэміі Міністэрства унутраных спраў катэгарычна адмаўляюцца. Пры гэтым спасылаюцца на тое, што памер выплат вызначае засакрэчаны дакумент.

“Дакумент для службовага карыстання. Чаму? Таму што!”

Аднак, калі ўлічыць, што мінімальны памер заробку міліцыянта ў Беларусі складае прыкладна паўтара мільёны рублёў, то прыбыткі курсантаў нашмат апярэдзяць стыпендыі студэнтаў звычайных ВНУ краіны.

І не толькі звычайных. Як даведалася Еўрарадыё, нават будучыя спецыялісты беларускай АЭС атрымліваюць вельмі сціплую стыпендыю. Яна не на шмат адрозніваецца ад стыпендыі іншых навучэнцаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта.

“Ну вось з каэфіцыентам, тут жа ўсё залежыць ад каэфіцыенту, калі нават вось 1,0, самы нізкі, 188 615. А ў звычайных (студэнтаў -- Еўрарадыё) – 171, 468. І найвышэйшы. Калі 1,6 звычайная 274 349, то ў паратурбіншчыкаў 301”.

Зраўняцца з будучымі міліцыянтамі, ды і то вельмі прыблізна, могуць толькі студэнты Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Памер мінімальнай стыпендыі там складае 361 тысячу, а максімальнай – 541. А вось сярэдні памер стыпендыі студэнта шараговай беларускай ВНУ – 250 тысяч рублёў.