Крэдыт за навучанне ў два разы даражэй за водкуп ад размеркавання

120723 Marcin_Kredity.mp3

Еўрарадыё задумалася, што даражэй — адкупіцца ад абавязковага размеркавання ці вучыцца ў крэдыт? Паспрабуем разабрацца.

Год навучання ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, на факультэце хімічнай тэхналогіі і тэхнікі цяпер каштуе 11 мільёнаў рублёў.

Бярэм крэдыт у "Беларусбанку" на ўсе 5 гадоў вучобы, без усялякіх ільготаў.

“Плацяжы ў месяц дзесьці 2 мільёны 350 тысяч. І калі вяртаеце, 55 мільёнаў — асноўная пазыка і каля 130 мільёнаў — гэта працэнты”, — агучваюць умовы крэдыта на вучобу ў "Беларусбанку".

То бок, за ўсе пяць гадоў вучобы трэба аддаць 180 мільёнаў!

Калі вучыцца бясплатна, трэба адпрацаваць 2 гады па размеркаванні. А калі не хочаш, прыйдзецца плаціць за ўсе 5 гадоў навучання. Разам з усімі стыпендыямі.

У БДТУ адразу называюць кошт размеркавання для Еўрарадыё, бо ўжо камусьці налічылі:

БДТУ: “67 мільёнаў выходзіць, гэта факультэт хімічнай тэхналогіі і тэхнікі. Але гэта залежыць ад стыпендыі”.

То бок, чым лепш вучыўся, тым больш давядзецца разлічвацца.

Але гэта ўдвая танней за крэдыт на атрыманне вышэйшай адукацыі! І ніякіх працэнтаў! У іншых ВНУ падобная карціна.

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце адкупіцца ад абавязковай адпрацоўкі каштуе 80 мільёнаў — гэта разам са стыпендыяй за ўсе 5 гадоў вучобы. Таксама танней за крэдыт. І лічыце, што вашая стыпендыя была беспрацэнтным крэдытам!

БНТУ:  “Мільёнаў 80, гэта з улікам, што вы ўсе 5 гадоў вучыліся на бюджэтным. Разлічваецца ў залежнасці ад базавай”.

Але ў "Беларусбанку" ёсць яшчэ і льготны крэдыт. Згодна з разлікамі Еўрарадыё, гэты крэдыт каштуе столькі ж, колькі водкуп ад размеркавання ў БНТУ.

І дадуць такую пазыку, толькі калі даход на кожнага чальца сям’і разам са студэнтам не больш за 2,6 мільёна рублёў. Да таго, "Беларусбанк" пакрывае толькі 70% ад кошту вучобы. Астатняе самі.

"Беларусбанк":“Палова стаўкі рэфінансавання — 15,5%. Плацяжы ў месяц — 1,1 мільёна. Пераплата па працэнтах 50 мільёнаў”.

То бок агулам банку трэба вярнуць крыху больш за 80 мільёнаў.

Ільготны крэдыт выпускнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Антон  браў 4 гады таму. Цяпер плаціць.

“Цяпер за 4 гады вучобы я вінен 8 мільёнаў. Па 137 тысяч за крэдыт і працэнты, па 100 тысяч у месяц”, — расказвае Антон. І дадае, што гэта нядорага.

Цікава, што цяпер адзін год навучання ў БДПУ каштуе столькі, колькі Антон заплаціў за 4 гады. Пашанцавала, што вучыўся яшчэ па старых коштах.

Нагадаем, адкупіцца ад размеркавання сёлета каштуе ад 50 да 100 мільёнаў. За год гэтыя сумы выраслі ўдвая!

Фота: cuppon.pl