Крэдыт “Социальный” для пенсіянераў: 56% гадавых
Перад Новым годам карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў узяць выгадны крэдыт мільёнаў на 7-8, каб без непатрэбнай мітусні, без паручальнікаў, наяўнымі і як найхутчэй.
На сайце “Сомбелбанка” знаходжу абвестку пра навагоднія крэдыты. Побач поле для заяўкі: трэба ўказаць тэлефон, і супрацоўнікі банка абяцаюць ператэлефанаваць. Браць ката ў меху неахвота, таму першае жаданне — пайсці на сайт іншага банка. Але я пераадольваю сябе і тэлефаную па пазначаных тут жа тэлефонах. І апынаюся… чацвёртым у чарзе.
Крэдыт “Стандартный” каштуе 46,9% гадавых + 3,99% штомесячнай камісіі. Адсоткі нерэальныя. Да таго ж увагу прыцягвае адзін з пунктаў дамовы:
“8.1. Працэнтныя стаўкі і памер платы, указаныя ў Дамове, з’яўляюцца плаваючымі і могуць пераглядацца банкам цягам тэрміна дзеяння Дамовы ў аднабаковым парадку”.
Што ж, будзем шукаць.
Home Credit Bank вабіць шыльдай “Кредит наличными”. Пытаюся, колькі будзе каштаваць крэдыт на 7 мільёнаў, калі ўзяць яго на 2 гады. Новы кліент можа атрымаць такі крэдыт пад 24%.
“Пры афармленні 7 мільёнаў на 2 гады штомесячная плата за абслугоўванне складзе 4,16%. А памер штомесячнага плацяжу — 661 тысяча 290 рублёў. У гэты плацёж ужо ўключаныя адсоткі за абслугоўванне”, — адказваюць Еўрарадыё ў банку.
Нескладана падлічыць, што ўласна крэдыт кліент амаль цалкам вяртае за 10 месяцаў. Астатнія 14 месяцаў плацяжоў — прыбытак банка. Усяго за 2 гады давядзецца вярнуць амаль 16 мільёнаў (661.290*24=15.870.960)! Пераплата складзе 8.870.960 рублёў.
Адкуль бярэцца гэтая шалёная сума? Крэдыт даецца ўсяго пад 24% гадавых! Уся справа ў незаўважнай банкаўскай камісіі. Яе памер вельмі дзіўны — 4,16%. Чаму? Тлумачэнне простае: аплачваючы абслугоўванне свайго крэдыта, за два гады кліент вяртае банку… яшчэ адзін такі ж крэдыт! Сачыце за рукамі: 4,16*70.000*24=6.988.800! А ўжо 4,17% за абслугоўванне — гэта на 5 тысяч больш за 7 мільёнаў, пазычаных у банка.
На сайце “Дельта-банка” знаходжу крэдыт “Отличные наличные”:
“Штомесячны плацёж складзе прыкладна 586 тысяч. Гэта ўся сума, якую вы будзеце выплачваць пры пагашэнні. Сума кожны месяц будзе адна і тая ж”.
Замест 7 мільёнаў вернем банку крыху больш за 14 мільёнаў. Гэтыя наяўныя — не проста выдатныя, а залатыя! Эфектыўная стаўка — 100% замест 28%, заяўленых на сайце. Няўжо людзі адважваюцца на такія крэдыты?
Ідзем у “РРБ-Банк”. Тут сітуацыя вельмі падобная. Замаўляем крэдыт “Доступный”, просім 7 мільёнаў на 2 гады.
“Штомесячны плацёж будзе складаць 548 тысяч 400 рублёў”, — адказвае супрацоўніца “РРБ-Банка”.
“Колькі?” — быццам бы недачуўшы, перапытваю я.
“584 тысячы 400 рублёў. Гэта ўжо з усімі плацяжамі”, — не губляецца дзяўчына.
У гэтым жа банку знаходзім крэдыт “Социальный”, які можна атрымаць толькі пры наяўнасці пенсійнага пасведчання. Ён каштуе… 56% гадавых! Палёгка хіба ў тым, што “за абслугоўванне” крэдыта банк возьме толькі 1% за месяц…
У банках, пра якія вялася гаворка дагэтуль, спажывецкі крэдыт — да 30 мільёнаў рублёў. “Белгазпромбанк” на такія дробязі не разменьваецца. Тут крэдыт на спажывецкія патрэбы пачынаецца… ад 40 мільёнаў! Што праўда, каб атрымаць яго, давядзецца закласці аўтамабіль.
Крэдыт “Карманные деньги” пачынаецца ад 18 мільёнаў. Неслабая такая кішэня! Такі крэдыт дадуць толькі пад паручальніцтва. Дагэтуль жа ніхто ад мяне паручальнікаў не патрабаваў. Банкі хочуць, каб людзі прымалі рашэнне пра крэдыт хутка.
Для параўнання. Спажывецкі крэдыт у латвійскім банку Citadele каштуе 28% гадавых. Яшчэ 1% ад сумы крэдыта давядзецца аддаць банку за афармленне дамовы. І ўсё, ніякіх камісійных збораў! Бярэм 445 лат (гэта 7 мільёнаў рублёў) на 2 гады. Штомесячны плацёж складае 24 латы (376 тысяч), пераплата — 130 лат (2 мільёны 40 тысяч).
З 22 студзеня 2013 года камісійныя зборы адмяняюцца і ў Беларусі! У гэты дзень набывае моц Закон Рэспублікі Беларусь №416-З, якім уносяцца змены ў Банкаўскі кодэкс. Новая рэдакцыя артыкула №137 БК забараняе камерцыйным банкам спаганяць дадатковыя плацяжы за карыстанне пазыкамі, але датычыцца яна толькі дамоваў, заключаных пасля 22 студзеня. Таму з “навагоднім” крэдытам варта было б пачакаць… да “пасля Новага года”.