Колькі “важыць” абслугоўванне крэдыту?
Нацбанк забароніць банкам спаганяць дадатковыя зборы па абслугоўванні крэдытаў. З сярэдзіны года — толькі працэнтная стаўка.
“Гэта будзе прадугледжана новай рэдакцыяй Банкаўскага кодэкса, — распавядае Еўрарадыё кіраўнік Упраўлення інфармацыі Нацбанка Аляксандр Цімашэнка. — Магчыма, дадаткова будзе выдадзеная інструкцыя”.
Пакуль прэс-сакратар Нацыянальнага банка не можа дакладна сказаць, якія менавіта банкаўскія паслугі плануецца зрабіць бясплатнымі. Еўрарадыё вырашае даведацца, колькі і за што сёння пераплачваюць банкам звыш адсоткаў, пазначаных у дамове, ахвочыя да хуткіх грошай беларусы.
“У нас няма штомесячных камісій за абслугоўванне крэдыту, — адразу адказваюць у “Белгазпрамбанку”. — Але ёсць аднаразовая камісія ў момант выдачы крэдыту. Гэта 0,5% ад сумы за безнаяўнае пералічэнне грашовых сродкаў на рахунак прадаўца кватэры. Аплачваецца ў момант пералічэння крэдыту”.
У дадатак, за афармленне дамовы з кожным паручальнікам “Белгазпрамбанк” возьме 80 тысяч рублёў. Такім чынам, акрамя адсоткаў, за крэдыт, напрыклад, у 240 мільёнаў рублёў (30 тысяч долараў) атрымальнік аддасць 1 мільён 200 тысяч + як мінімум 80 тысяч за паручальніка.
У ААТ “Банк БелЗЭБ” (былы “Белзнешэканамбанк”) 240 мільёнаў на будоўлю лецішча могуць даць на 7 гадоў пад 45% гадавых. Плюс да таго нейкія “дробязі”.
“Банк БелЗЭБ”: “За дамову паручальніцтва будзе 30 тысяч. Гэта за кожную дамову, у залежнасці ад таго, колькі будзе паручальнікаў. Але, у прынцыпе, калі прыбытак у вас нармальны, будзе дастаткова і аднаго. Плюс 100 тысяч за афармленне крэдытнай дамовы”.
Пры гэтым камісіі за абслугоўванне крэдыту няма. Дадаем сюды 0,2% ад сумы крэдыту, якія банк возьме за перавод грошай на рахунак атрымальніка. І акрамя адсоткаў, за крэдыт давядзецца даплаціць яшчэ 610 тысяч.
Часам атрымальнік буйнога крэдыту вяртае банку ў 4 разы больш, чым атрымлівае. Напрыклад, крэдытаў на 20 гадоў, якія дае “БПС-Ашчадбанк”. На 240 мільёнаў пазыкі прыйдзецца больш за 900 мільёнаў адсоткаў.
Супрацоўніца “БПС-Ашчадбанк”: “Сярэднемесячны заробак мусіць быць не менш за 12 мільёнаў 913 тысяч. Ці сукупны прыбытак у дваіх чалавек — 13 мільёнаў 670 тысяч. Першы плацёж складзе 8 мільёнаў 504 тысячы”.
За пералічэнне грошай забудоўшчыку банк папросіць 0,1% ад сумы — гэта 240 тысяч. У “Белінвестбанку” плату за разгляд дакументаў і камісію за абслугоўванне крэдыту не спаганяюць:
“Максімальны плацёж па крэдыце складзе 9 мільёнаў 300 тысяч. Гэта першы месяц, ён самы максімальны. Далей кожны месяц ідзе змяншэнне, бо застаецца ўсё менш і менш “цела” крэдыту”, — тлумачаць у “Белінвестбанку” ўмовы для атрымання крэдыту ў 240 мільёнаў.
У “Беларусбанку”, акрамя льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля, ёсць “звычайны” крэдыт пад 47%.
“Сапраўды, неабходна знайсці двух паручальнікаў. За кожнага з іх трэба заплаціць 45 тысяч рублёў. За разгляд пакета дакументаў — 100 тысяч рублёў, — распавядае супрацоўніца “Беларусбанка”. — І за суправаджэнне крэдыту — 30 тысяч рублёў штомесяц”.
Крэдыт даецца на 15 гадоў. За 180 месяцаў “націкае” 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў. Плюс аднаразовыя плацяжы: 190 тысяч.