Кітайскую вакцыну ад грыпу беларускія спецслужбы апрабавалі на сабе

110927 Pilecki Privivki.mp3

Кошт “Флюваксіна” ўсяго 3 долары за ампулу, гэта ўтрая менш, чым за заходнія аналагі. Як даведалася Еўрарадыё, яна мае пабочныя эфекты ў выглядзе павышэння тэмпературы. Пастаўкамі ў Беларусь кітайскага прэпарат займаюцца расіяне, маскоўская фірма “Медінторг”. Там кажуць, што артыкул з даследаваннем і апісаннем вакцыны толькі павінен выйсці…
“Даследаванні праводзіліся ў вашай лабараторыі і якасць гэтай вакцыны на ўзроўні “Ваксігрыпа” (французская вакцына - ЕРБ). Ёсць паказчыкі, даследаванні ў інстытуце. Артыкул павінен выйсці па даследаваннях. З падрабязным апісаннем”.
Прадстаўніца расійскай кампаніі супакойвае журналіста Еўрарадыё, маўляў кітайскім прэпаратам у Беларусі прышчапляюцца зараз нават спецслужбы.
“Ёй у вас пачала прышчапляцца пэўная структура. Гэта аб нечым кажа. Скажам так, сілавая структура”.
Аднак прыватныя клінікі, такія як “Нардзін” карыстаюцца толькі французскім “Ваксігрып”. Адна такая прышчэпка каштуе ад 70 да 85 тысяч. У часы фінансавых складанасцяў гэта адчувальна.
Доктар “Гарадскога цэнтра вакцынапрафілактыкі дзяцей” Андрэй Зыль расказвае Еўрарадыё, што кітайская вакцына хоць і нядрэнная, але мае пабочныя эфекты.
“Яна нядрэнная. Добрая вакцына. Дае той жа ўзровень абароны. Прыкладна 70%. Але яна ў горшы бок адрозніваецца па дадатковых рэчывах, тое, што я казаў. За кошт чаго часцей адбываецца рэакцыя – уздым тэмпературы, месныя. Яны ўсе нежывыя, выклікаць захворвання не могуць”.
Па словах доктара, кліенты “Гарадскога цэнтра вакцынапрафілактыкі дзяцей”гатовыя заплаціць 70 тысяч за прышчэпку французскім прэпаратам, а не карыстацца бясплатна кітайскім.
Еўрарадыё таксама пацікавілася, якую вакцыну супраць грыпу выбралі чыноўнікі міністэрства аховы здароўя. Аказваецца, абсалютная большасць яго супрацоўнікаў уключна з міністрам будуць прышчапляцца кітайскай вакцынай.
“Кітайскай. Так. Якая па конкурсе прайшла. Не ўсе. Большасць. Звычайна 80% мінздароўя прышчапляецца”.