Кіраўніцтва БАЖ паручылася за Антона Сурапіна
Жанна Літвіна і Андрэй Бастунец перадалі ў КДБ хадайніцтва аб змяненні меры стрымання фотажурналісту.
Кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў хадайнічаюць аб змяненні меры стрымання, ужытай да Сурапіна, які абвінавачваецца ў "садзейнічанні незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь". Літвіна і Бастунец просяць вызваліць яго з-пад варты пад сваё асабістае паручыцельства.
Таксама БАЖ прапануе "ўсім неабыякавым грамадзянам таксама падпісаць адпаведнае паручыцельства і накіраваць яго ў КДБ", інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, 20-гадовы Антон Сурапін быў затрыманы КДБ 13 ліпеня па справе аб незаконным перасячэнні мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам. Інцыдэнт адбыўся раніцай 4 ліпеня. Над Івянцом і Мінскам былі скінутыя сотні плюшавых мядзведзяў. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total. Такім чынам яна хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.
Студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Сурапін першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў.