Кіраўнік Еўрапарламента лічыць прысуды ўдзельнікам Плошчы незаконнымі

Нагадаем, Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў узмоцненага рэжыму, Ус — на 5, 5 гадоў.

Як паведамляе УНІАН, Бузэк заявіў, што гэтыя прысуды "дэманструюць няшчырасць судовай сістэмы Беларусі". Паводле кіраўніка Еўрапарламента, апазіцыйныя лідэры "змагаюцца за вольную і дэмакратычную Беларусь. Яны супраць Беларусі, у якой улада засяроджаная ў руках аднаго чалавека і аднаго рэжыму". Ён заклікаў да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Ежы Бузэк нагадаў, што Еўрапарламент у рэзалюцыі ад 12 траўня жорстка асудзіў вынясенне выракаў на падставе абвінавачанняў у масавых беспарадках, а таксама асудзіў практыку закрытых судовых працэсаў, адмову даць затрыманым магчымасць выклікаць сведкаў.

“Еўрапарламент разглядае ўсе абвінавачанні супраць колішніх кандыдатаў у прэзідэнты Ўладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, Міколы Статкевіча, Дзмітрыя Уса і Андрэя Саннікава як незаконныя і непрымальныя”, — заявіў Ежы Бузэк.