Кандыдаты аддаюць перавагу гармоніку, класічнай музыцы, року і бардам

Еўрарадыё зацікавілася, якім музычным інструментам валодаюць прэтэндэнты ў прэзідэнты, якую музыку любяць і што ў выпадку іх абрання зробяць для развіцця музычнай культуры.

Паэт Уладзімір Някляеў здзівіў карэспандэнта Еўрарадыё расповедам пра тое, што ў свой час удзельніцаў у аркестры. І умее іграць не на адным, а на чатырох інструментах.

Уладзімір Някляеў: “Я граў у Смаргонскім раённым аркестры народных інструментаў імя Агінскага: на балалайцы, на цымбалах і, урэшце, на кантрабасе. Бо кіраўнік гэтага калектыву Аляксандр Дзяруга выявіў у мяне больш рытму, чым слыху”.

А яшчэ грае на гармоніку. Любіць найперш беларускую рок-музыку: "N.R.M.", "Краму", Змітра Вайцюшкевіча, "Ляпісаў". Закона пра 75%, паводле якога менавіта такі кавалак эфірнага часу радыёстанцыі мусяць аддаваць беларускім выканаўцам, паэт не разумее. На яго думку, карыстаюцца ім у першую чаргу поп-выканаўцы, якія спяваюць па-руску, — а трэба даваць магчымасць выйсці да слухача рокерам.

Уладзімір Някляеў: “Калі б тое, што створана за апошнія дзесяцігоддзі ў беларускім андэграўндзе, а не кандовая папса, выйшла на першы план праграм тэлебачання — гэта б змяніла ўсю культурную карціну Беларусі!”

А вось сімфанічныя аркестры, оперу, камерную музыку дзяржава, кажа Някляеў, павінна падтрымліваць фінансава. І трэба праводзіць як мага больш фестываляў, на якія мусяць запрашаць не зорак з Расіі, а сваіх выканаўцаў.

Эканаміст Яраслаў Раманчук прызнаўся Еўрарадыё, што ні на адным інструменце не грае. Маці аддала ў музычную школу на клас акардэона, але ён уцёк на заняткі па валейболе. Праўда, у школе быў дыск-жакеем, таму добра ведае музыку 1970-80-х гадоў і вельмі любіць рок.

Сёння, на думку прэтэндэнта, у нас не хапае музыкі пратэсту. Але ёсць і тыя творцы, пра каго не сорамна і ў Вашынгтоне згадаць.

Яраслаў Раманчук: “У нас ёсць зоркі сусветнага ўзроўню. Гэта і Лявон Вольскі са сваімі праектамі і "Ляпіс Трубяцкой". Гэта вельмі добрыя праекты. Не сорамна ні ў Вашынгтоне, ні ў Берліне сказаць, што гэта беларускія гурты”.

Року дзяржаўная падтрымка не патрэбная: пры спрыяльных умовах ён і сам праб’ецца, лічыць Раманчук. Пра папсу ён увогуле гаварыць не захацеў. Але дадаў, што мусяць быць дзяржаўныя праграмы падтрымкі айчыннай музычнай культуры.

Яраслаў Раманчук:
“Я думаю, што лепш гэта рабіць у межах нейкіх фестываляў, дзіцячых конкурсаў. Менавіта з гэтага ўзросту трэба падтрымліваць беларускамоўную музыку. А не рабіць нейкія падачкі ў выглядзе 75% для беларускай музыкі і беларускіх выканаўцаў”.

Рыгор Кастусёў
у юнацтве самастойна навучыўся граць на гармоніку і крыху — на фартэпіяна. Праўда, амаль 20 гадоў не граў ні на адным, ні на другім інструменце. Але гармонік, які набыў яму бацька ў дзяцінстве, захоўвае. Любіць палітык класіку, джазавыя імправізацыі і бардаўскую песню. І лічыць, што дзяржава мусіць падтрымліваць музыкантаў.

Рыгор Кастусёў: “Трэба пачынаць з прывіцця любові да беларускай музыкі, беларускай культуры са школьнай лаўкі. І неабходна падтрымка кампазітараў, музыкантаў на ўзроўні дзяржавы. Мы добра ведаем, што ёсць стыпендыі прэзідэнта ў спорце, іншых накірунках. Яны ёсць і ў накірунку музычным, але вельмі мала з боку дзяржавы такой падтрымкі атрымліваюць нашыя спевакі і кампазітары. Дзяржава павінна павярнуцца да іх тварам, а не заднім месцам”.

Кастусёў сцвярджае, што трэба “адпусціць” увесь бізнес — і тады ў нас з’явіцца і бізнес музычны, будуць выпускацца новыя дыскі, праходзіць новыя фестывалі. І гэта ён абяцае зрабіць.

Віталь Рымашэўскі грае на баяне — скончыў музычную студыю. Але, як і Кастусёў, шмат гадоў не браў інструмент у рукі. Нават не мае яго дома. Любіць Рымашэўскі выключна класічную музыку. А вось пастанову наконт 75% ён бы пакінуў у дзеянні. Адзінае што — загадаў бы лічыць айчыннай толькі беларускамоўную музыку.

Віталь Рымашэўскі: “Гарантую, што з дзяржаўнага бюджэту будуць выдзяляцца дастатковыя сродкі на музычныя, культурніцкія фестывалі. Мы павінны беларускую культуру стымуляваць. І беларускамоўныя творы беларускіх музыкаў, маладых, таленавітых, безумоўна, павінны гучаць. Трэба для іх ствараць пляцоўкі, праводзіць фестывалі. Каб яны не ехалі ў Піцер ці на Ўкраіну, ці Расію для таго, каб раскруціцца. Старт сваёй кар’еры яны павінны рабіць тут. І мы будзем гэтаму спрыяць”.

А “карупцыі”, калі на “Славянскі базар” не запрашаюць "N.R.M." ці "Краму", не будзе.

Мікола Статкевіч можа ўзяць толькі пару акордаў на гітары. Можа і заспяваць. Але для гэтага трэба добра пасядзець у прыемнай кампаніі. Любіць палітык аўтарскую песню, беларускі рок, а таксама класічную музыку. Падчас размовы з Еўрарадыё ён слухаў фартэпіянныя санаты Бетховена. Ёсць у яго і прапановы, як падтрымаць айчынную музыку.

Мікола Статкевіч:
“Зважаючы на моўную сітуацыю, падтрымка беларускамоўнай музыкі неабходна. Не трэба 75% — хопіць, як у Нямеччыне, 35. Але беларускамоўнай! А зараз падтрымліваюць сапсаваную копію галімай расійскай папсы!”

А яшчэ, кажа Статкевіч, сімпатыі кіраўніка дзяржавы не павінны адбівацца на музыцы — калі паводле загаду ствараюцца “чорныя спісы” гуртоў, ім не даюць эфіру на радыё і тэлебачанні, забараняюць канцэрты.

Лідар “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Саннікаў прызнаўся, што ўмее граць на гітары. І раней вельмі любіў узяць яе ў рукі падчас турыстычных вандровак. Цяпер робіць гэта рэдка. Больш нічога даведацца ад яго Еўрарадыё не ўдалося — палітык быў на пікеце і аддаў перавагу размовам з мінакамі.


Фота: Змітра Лукашука