Кандыдату ў міліцыянты трэба падцягнуцца 12 разоў за хвіліну на турніку
А каб здаць іспыт па фізкультуры на "выдатна", вучань 11 класа павінен падцягнуцца 14 разоў.
Раз на год усе супрацоўнікі міліцыі павінны здаваць “фізру”, выконваць нарматывы па бегу, падцягванні.... Ну, і як з гэтымі нарматывамі спраўляюцца міліцыянты “вялікіх памераў”, якіх можна пабачыць на вуліцы?
У Навучальным цэнтры МУС па падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў органаў унутраных спраў сцвярджаюць, што супрацоўнікі з лішняй вагой — рэдкі выпадак!
Навучальны цэнтр МУС: “Паглядзіце на вуліцу: мне падаецца, што з канца 1990-х гадоў поўных людзей стала значна менш. Так і ў міліцыі. Усё ідзе да змяншэння, можна так сказаць, масы!”
Кіраўнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч пацвярджае, што поўныя ёсць. Але гэта, паводле яго слоў, хібы прафесіі, якія трэба разумець.
Канстанцін Шалькевіч: “Служба — гэта не лёгкі хлеб, як гэта падаецца журналістам ці дамарослым філосафам, якія называюць сябе блогерамі. Падчас службы міліцыянеры набываюць хваробы. У тым ліку, звязаныя з парушэннем абмену рэчываў”.
Чым больш гадоў за плячамі, а зорачак — на плячах, тым лягчэйшыя нарматывы, тлумачыць Еўрарадыё інспектар па кадрах Петрыкаўскага РУУС.
Інспектар па кадрах: “З узростам ніжэй нарматывы, і колькасць неабходных балаў зніжаецца адпаведна. У нас ёсць поўныя, але яны выконваюць патрабаванні пакуль. Займаюцца штотыдзень, таму тут дзесьці, хтосьці, штосьці...”

Праўда, колькі разоў трэба падцягнуцца капітану, Еўрарадыё адказаць не змаглі.
Але мы даведаліся пра нарматывы для кандыдатаў у міліцыянеры. Выглядае на тое, што стаць міліцыянерам можа практычна кожны. Гэта не таму, што нарматывы лёгкія.
Напрыклад, кандыдату ў міліцыянты трэба падцягнуцца 12 разоў за хвіліну на турніку, 22 разы адціснуцца на брусах. Але можна выбраць найбольш падыходзячую дысцыпліну, і такім чынам набраць неабходны прахадны бал у міліцыянеры, тлумачыць інспектар па кадрах Петрыкаўскага РУУС.
Інспектар па кадрах: “Брусы, падцягванне, сілавое, гіры — тут ужо выбірае сам кандыдат. Ён скажа: “Пабягу”. Таму тут можна набраць на адным, а на іншым недабраць. Але сумарна павінна быць добра. Сумарна павінна быць максімум 17 балаў — гэта на “выдатна”. Калі ты не дабярэш да 15 ці 16 балаў, якія нам неабходныя, то гэта ж будзе нядобра. Таму, можа, нехта бегае добра, а падцягвацца не ўмее — і ён падцягнецца на мінімум, а пабяжыць добра”.
Дарэчы, каб здаць іспыт па фізкультуры на "выдатна", вучань 11 класа павінен падцягнуцца 14 разоў. Нават больш за міліцыянта!
Фота: http://photo.bymedia.net/