Камітэт дзяржкантролю даказвае, што існуе... план па штрафах

120504 Luka6uk Lesniki.mp3

Супрацоўнікі Салігорскай фінансавай міліцыі знайшлі злодзеяў у лесе. Дакладней, у Старобінскім і Любанскім лясгасах. Леснікі ні то дзеля выканання спушчаных зверху планаў па колькасці пратаколаў, ні то ў пагоні за прэміямі складалі пратаколы на людзей, якія і блізка да лесу не падыходзілі!

У Старобінскім лясгасе адмаўляюць, што яны даводзяць леснікам нейкія планы па пратаколах. Няма ў гэтым ніякай матэрыяльнай зацікаўленасці, — сцвярджае намеснік дырэктара Вольга Бань.

Вольга Бань: “Інкрымінуюць, што былі складзеныя ліпавыя пратаколы на сваякоў. І што тут была зацікаўленасць — прэміі. Магу адназначна сказаць, што гэтыя пратаколы ні на якія паказчыкі не ўплываюць — ні рэйтынг, ні бал, ні прэмія, нічога”.

Паводле сайта Камітэта дзяржкантролю, ужо даказана, што “службовыя асобы прыцягвалі невінаватых да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства”. Нібыта, у 2011 годзе леснікі выпісалі 7 папярэджанняў за развядзенне вогнішча і наведвання лесу ў забаронены перыяд. На людзей, якія ў лесе... не былі.

Намесніца дырэктара Старобінскага лясгаса не выключае, што сапраўды маглі быць выпадкі, калі пратаколы складалі на людзей, якія ў той дзень у лесе насамрэч не былі. Але вінаватыя ў гэтым не леснікі, а... парушальнікі.

Вольга Бань: “Людзі ні на рыбалку, ні па ягады з пашпартамі не ходзяць. І не факт, што чалавек назваўся тым імем, якое было запісана ў пратаколе”.

Як даведалася Еўрарадыё, на двух леснікоў ужо заведзеныя крымінальныя справы, ім пагражае ад 3 да 6 гадоў зняволення.

Еўрарадыё знайшло аднаго з “лясных крымінальнікаў”. Ляснік Старобінскага лясгаса Васіль Бунцэвіч у шоку.


Васіль Бунцэвіч: “Людзі ж без дакументаў у лесе і, магчыма, іншыя дадзеныя давалі. Звычайна тэлефануеш у РАУС, гаворыш месца нараджэння, прозвішча ды імя чалавека — і яны могуць даць пашпартныя звесткі. Але ж у некаторых месцах лесу сувязь не бярэ”.

Падчас допытаў, скардзіцца Еўрарадыё ляснік, яму прыпісваюць матывы “здзяйснення злачынства”, якіх і блізка няма.

Васіль Бунцэвіч: “Казалі, што там нейкія прэміі даюць — адкуль яны такую інфармацыю ўзялі! Прэміі за пратаколы? Я не ведаю такога! На “пяціхвілінках” можа кіраўніцтва проста сказаць: “Былі складзеныя пратаколы ці не?” А каб нейкія загады — нічога такога не бачыў. Ні прэмій, ні планаў па пратаколах. Мне нават пастанову далі, не памятаю артыкула, што менавіта карыслівыя мэты. Я ў гэтым карыслівасці не бачу — ні прэмій, нічога за гэта. Што яны так? Праца, відаць, такая ў іх”.

Еўрарадыё пацікавілася ў іншых леснікоў: ці ёсць планы па штрафах? Прадстаўнік Сасноўскага лясніцтва Юрый Гаркаўчук прызнае, што нешта накшталт плану ёсць — скласці адзін пратакол на месяц. Але каб выканаць такое, складаць ліпавыя пратаколы неабходнасці няма.

Юрый Гаркаўчук: “Адзін пратакол у месяц мы абавязаныя скласці. А такіх пратаколаў, насамрэч, хапае. І не трэба там нічога падладжваць”.

Тое ж пацвярджаюць Еўрарадыё ляснік Віктар Дубіна з Асавецкага лясніцтва, і Мікалай Койка з Любанскага лясніцтва.

Мікалай Койка: “Гэта ў міліцыі — там даводзяцца планы. А ў нас такога няма. Злавілі парушальніка — склалі адміністрацыйны пратакол у залежнасці ад нанесенай шкоды, і ўсё”.

Штрафы выпісваюцца рэдка, дадае Віктар Дубіна. Часцей на злосных парушальнікаў — каго ловяць не ўпершыню. Па першым разе звычайна даюць папярэджанне.

Але рэч у тым, што нават такі пратакол без пакарання фіксуецца ў адпаведнай базе. І можа стаць нагодай, каб чалавеку, да прыкладу, не далі... крэдыт у банку.

Васіль Бунцэвіч: “Па першым разе караць не хочацца — проста папярэджанне выносіцца. На радасцях можа парушальнікі забываюцца пра гэта. Але казалі, што нейкія крэдыты не могуць людзі атрымаць з-за таго, што трапляюць у адміністрацыйную базу”.

Крымінальныя справы супраць двух леснікоў ужо перададзеныя ў райаддзелы Следчага камітэта. Іх вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

Фота: ecologylib.ru