Калі ў Беларусі з’явіцца імпартная вадкасць для лінз?

У аптэцы на перакрыжаванні вуліц Свярдлова і Кірава пытаюся, ці ёсць у іх раствор для лінзаў.

“Толькі беларускі. Так ужо тыдзень”, — адказвае аптэкарка.

З айчынных ёсць два растворы, самы танны з іх “Светон”. Ёмістасць у 100 мілілітраў абыйдзецца ўсяго ў 8 тысяч. Ёсць іншы беларускі прэпарат — “Мульцірол”,  каштуе 17 тысяч.

У краме оптыкі “Времена года” імпартны раствор для лінзаў заканчваецца.

“Рэшткі засталіся. З больш брэндавыя ёсць яшчэ растворы “Solo”, “Renu”. Раней быў добры раствор “Opti free”, цяпер няма”.

Імпартны раствор у тры разы даражэйшы за беларускі. За 120 мілілітраў раствора са Швейцарыі давядзецца заплаціць 60 тысяч, столькі ж каштуе 90 мілілітраў прэпарата з ЗША.

У аптэцы “24 гадзіны”, што на супраць Філфаку БДУ, раптам знаходзіцца адна бутэлечка прэпарату з ЗША за 90 тысяч.

Сустракаю дзяўчыну, якая шукае раствор для лінзаў. Да беларускіх сродкаў яна ставіцца насцярожана:

“Нельга выкарыстоўваць розныя растворы для адных і тых жа лінз”.

 

Пытаюся ў вытворцаў беларускага “Светону”, ці скардзяцца ім на якасць.

“Ёсць людзі, якія карыстаюцца толькі імпартнымі растворамі, ёсць тыя, хто нашымі. Але ў людзей мусіць быць выбар”.

 

Еўрарадыё: А калі імпартных не будзе?

Супрацоўніца: Самая вялікая праблема, што флаконы робіць толькі адзін вытворца. Нядаўна ў яго зламаўся нейкі станок і ў нас у лістападзе зрываюцца пастаўкі.

 

Яшчэ адзін айчынны прэпарат “Мульцірол” вырабляюць у навукова-даследчым інстытуце БДУ.

“На фоне імпарту нашу прадукцыю не хацелі браць, бо яна танная і аптэкі на гэтым нічога не зарабляюць, а цяпер на бязрыб’і і рак — рыба”, — кажа супрацоўніца.

Еўрарадыё: А самі вы карыстаецеся гэтай прадукцыяй?

 

Супрацоўніца цэнтру: Так, нават студэнты прыходзяць, мы ім наліваем прэпарат бясплатна, хочаце — і вам нальем.

 

Еўрарадыё запэўніваюць, што праграма імпартазамяшчэння ніяк не звязаная з праблемамі імпартных раствораў у аптэках. Відаць, гэта так. Пастаўшчыкі прадукцыі наракаюць менавіта на аптэкі.

“Аптэкі купляюць растворы з адтэрміноўкай плацяжу. Мы не можам так працаваць цяпер. Яшчэ да крызісу аптэкі маглі адтэрміноўваць плацёж нават на 90 дзён. Цяпер растворы ёсць, але аптэкі… Цяпер са мной працуюць тры аптэкі, якія праплачваюць цягам тыдня. А іншыя — чакаюць з мора надвор’я”, — тлумачыць Еўрарадыё пастаўшчык раствораў для лінзаў.

Калі аптэкі пачнуць аплачваць пастаўкі адразу, раствор з’явіцца.

Фота: vkus-vremeni.ru