Каб павысіць стыпендыі, ва ўніверсітэтах чакаюць распараджэння

“Яшчэ ніякіх падлікаў, нічога не было. У нас яшчэ самой паперы, якая прыходзіць з міністэрства, на колькі павялічылася тарыфная стаўка і як рабіць разлікі — у нас гэтага яшчэ нічога няма”, — расказалі Еўрарадыё ў бухгалтэрыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

З 1 кастрычніка ўрад павысіў тарыфную стаўку на 28%. Гэта пацягне за сабой рост сацыяльных выплат. Ва ўніверсітэтах абяцаюць, што праз тыдзень-два ўсе фармальнасці будуць выкананыя і за кастрычнік студэнты атрымаюць ужо павялічаныя стыпендыі.

Гэтыя грошы студэнты патрацяць у першую чаргу на ежу і адпачынак. Аднак без дапамогі бацькоў не абысціся.

“На ежу, адпачыць у вольны час. У тых, хто з іншых гарадоў, — тым яшчэ кватэру аплочваць, калі здымаюць. Вядома, бацькі дапамагаюць. Ёсць такія, якія падпрацоўваюць на выходных. Гэта дастаткова проста. Трэба ведаць, дзе шукаць”.

Пачатковая стыпендыя студэнтаў першакурснікаў на сёння складае 150 тысяч. Бываюць і павялічаныя пасля добра здадзенай сесіі, альбо ўвогуле імянныя ці прэзідэнцкія. Першы прарэктар БНТУ Фёдар Панцялеенка расказвае пра самыя вялікія стыпендыі.

“Прэзідэнцкая стыпендыя — 300 тысяч, імянная стыпендыя — 342 альбо 324 тысячы”.

На пытанне журналіста Еўрарадыё, колькі студэнты хочуць атрымоўваць, большасць называе суму акурат у 300-350 тысяч. Такая стыпендыя іх задавольвае.