Іпэшнікам адмянілі кнігу ўліку руху тавараў. І адразу ўвялі новы сшытак

Прадпрымальнік: “Прыходзіш у падатковую. Яны кажуць: “Ну вось, трэба на часопіс падпісацца!” А ты кажаш: “Навошта мне гэта трэба?” А яны ў адказ: “Тады прыносьце кнігу ўліку руху тавараў!” І ты адразу пагаджаешся: “Ладна, давайце ваш часопіс!”

 

З 1 снежня кнігі ўліку руху тавараў адмененыя. Палёгка датычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў, якія плацяць адзіны падатак і займаюцца рознічным гандлем.

Юрыст Мікалай Калюноў, які спецыялізуецца на прававой дапамозе прадпрымальнікам, параўноўвае адмененую кнігу з асабістым дзённікам.

Мікалай Калюноў: “Гэта кожнае дзеянне, якое адбываецца з таварам, кожную здзелку трэба туды ўносіць. Вось вы дзённік калі-небудзь вялі? Прачнуўся — зрабіў запіс. Зрабіў зарадку, пад’еў — кожную сваю аперацыю там занатоўваеш”.

У 2009 годзе да Мікалая Калюнова звярнуўся прадпрымальнік з просьбай запоўніць кнігу ўліку руху тавараў, якую не вялі два гады. Юрыст за гэтую працу не ўзяўся, але прыкінуў кошт свайго працоўнага часу, які спатрэбіўся б на запаўненне кнігі.

Мікалай Калюноў: “Мы з ім палічылі — выйшла каля 4 мільёнаў рублёў. На тыя, яшчэ не дэнамінаваныя рублі!”

Каб даведацца, што пра адмену кнігі ўліку руху тавараў думаюць самі прадпрымальнікі, Еўрарадыё выправілася на рынак стадыёна “Дынама” ў Мінску. Было даволі халодна, і гандляры, якія стаміліся стаяць ля сваіх намётаў, сышліся на пустым “пятачку”, каб пагуляць у карты.

“Вось бы разам з гэтай кнігай і наш адзіны падатак адмянілі! — жартуюць яны. — А калі шчыра, дык няхай сабе і была б гэтая кніга. Абы пакінулі нас у спакоі”.

“[Кнігу] уліку руху тавараў? Яе папросту немагчыма было весці! — пярэчыць адзін з іпэшнікаў, якія працуюць на "дынамаўскім" рынку. — Нават у падатковых інспекцыях не ведаюць, як дакладна трэба гэта рабіць! Няма ні ўзору, ні агульных правілаў запаўнення…”

Пра тое, што ў розных падатковых інспекцыяў розныя патрабаванні да вядзення кнігі ўліку руху тавараў, кажуць усе на рынку “Дынама”.

“Адкрыць гэты сшытак — гэта кожнага можна штрафаваць”, — працягвае іпэшнік.

Навошта прымушаць беларускіх прадпрымальнікаў складаць такія “фаліянты”?

“Любая мянтоўская дзяржава робіць так, каб кожнага грамадзяніна трымаць на кручку. Так, ці інакш. Для гэтай катэгорыі грамадзянаў выбралі такую зачэпку. Але крыху псуе карціну тое, што ў нас няма мяжы з Масквой. Была б мяжа — тады кожнага бяры і прасі патлумачыць, адкуль узяўся тавар. А тут пакуль можна сказаць, што з Масквы”, — распавядаюць Еўрарадыё ў іншым гандлёвым намёце.

Цяпер кнігі ўліку тавараў адмянілі. Але… Адразу ж увялі іншы грувасткі сшытак!

Іпэшнік: “Увялі новую кнігу. Пры канцы месяца мы на яе падставе запаўняем бланк, у якім указваецца сума, на якую мы набілі талонаў. Калі гэтая сума ў 30 разоў перавышае падатак — з “перабіву” давядзецца даплачваць”.

Пры гэтым тыя ж самыя звесткі прадпрымальнікі падаюць у падатковую інспекцыю ў электронным выглядзе:

“І пры гэтым мне яшчэ далі сшытак. Я мушу гэта яшчэ і ў сшытку намаляваць. Для каго? А я скажу вам, для каго. Відаць, нехта наверсе мае друкарскі бізнэс. А сшыткі гэтыя — нятанныя. 15-20 тысяч каштуюць. Ну вось, на 200 тысяч прадпрымальнікаў памножце…”, — працягвае іпэшнік.

Так што бухгалтэрыі ў беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў не паменела. Не тое, каб яны ўжо зусім тонуць у дакументах. Але сцвярджаюць: пакуль што папераў на адкрыццё гандлёвага намёта на беларускім рынку трэба сабраць больш, чым на тое, каб адкрыць краму ў Маскве.

Фота: gandliar.com