ГУУС Мінгарвыканкама: Была спроба дзяржаўнага перавароту
Улады Беларусі не адмовіліся ад сваёй версіі падзеяў 19 снежня 2010 года — дзяржаўны пераварот у змове з замежнымі дзяржавамі.
ГУУС Мінгарвыканкама завяршыла папярэдняе расследаванне крымінальнай справы, распачатай супраць грамадзян Рэспублікі Беларусь — арганізатараў і ўдзельнікаў масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года, паведамляе прэс-служба МУС РБ.
"... атрыманыя вычарпальныя доказы пра спробу змены Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь па папярэдняй змове з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў і арганізацый, якія па сутнасці ставілі канчатковай мэтай ажыццяўленне дзяржаўнага перавароту", — гаворыцца ў паведамленні.
Следчыя дзеянні завершаныя толькі ў адносінах да арыштаваных і тых удзельнікаў падзеяў 19 снежня, што знаходзяцца на тэрыторыі краіны.
"... наяўныя матэрыялы ў адносінах да замежных арганізацый і грамадзян вылучаныя ў асобную вытворчасць і расследаванне ў пазначаным кірунку будзе працягнутае", — паведамляе МУС.
Акрамя таго, беларускія спецслужбы будуць намагацца дастаць і тых, хто "хаваецца на тэрыторыі замежных дзяржаваў", піша АФН.