Аднарукі інвалід абскарджвае прысуд за "плясканне ў далоні"
Гродзенцы, асуджаныя за ўдзел у "маўклівых акцыях", спрабуюць абскардзіць рашэнні судоў.
Як паведамляе БелаПАН, апеляцыю ў абласны суд падалі прынамсі тры чалавекі — Аляксей Аляксандраў, Ігар Грыгалец і Канстанцін Каплін.
Дарэчы, Каплін кажа, што накіраваў апеляцыю ў абласны суд ужо больш за два тыдні таму. Але сёння, 26 ліпеня, у канцылярыі суда яму заявілі, што заява яшчэ не паступіла.
Нагадаем, што Каплін не мае правай рукі. Яго затрымалі 3 ліпеня ў Гродне і напісалі ў пратаколе, што ён "пляскаў у ладкі". Гарадскі суд Гродна прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў незаконным шэсці і пакараў штрафам у памеры 1 млн 50 тыс. рублёў. Калі абласны суд не адменіць гэтага рашэння, Каплін плануе абскарджваць прысуд у вышэйшых інстанцыях.