Гомельскія апазіцыянеры намераны дабіцца ад уладаў дазволу на мітынг

Маладафронтавец Андрусь Цянюта падаў у Гомельскі гарвыканкам заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства.  Акцыю сацыяльнага напрамку апазіцыя запланавала на нядзелю, 3 ліпеня.

Як паведаміў актывіст "Нашай альтэрнатывы" Кастусь Жукоўскі, арганізатары маюць намер ісці да канца і дабіцца дазволу на правядзенне мітынга. Між тым, ужо сем гадоў у Гомелі не было ніводнага апазіцыйнага мерапрыемства, усе заяўкі ўлады адхілялі.

"Мы плануем падаць яшчэ некалькі заявак - як запасны варыянт на той выпадак, калі раптам на плошчы зноў пацякуць трубы, - кажа Жукоўскі. - Выканаем усе умовы ўладаў, заплацім - як яны таго патрабуюць - за паслугі міліцыі, камунальнікаў і хуткай дапамогі".

На мітынгу апазіцыянеры хочуць узняць выключна сацыяльныя пытанні: чаму бяднее народ, калі скончыцца эканамічны крызіс, чаму насуперак сваім абяцанням улады правялі дэвальвацыю рубля, што будзе з заробкамі, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".