Генпракуратура папрасіла міліцыю не чапаць журналістаў
Генпракурор Рыгор Васілевіч даслаў кіраўніку МУС Анатолю Куляшову ліст. Нагодай стаў зварот журналістаў у сувязі з неабгрунтаванымі затрыманнямі.
13 ліпеня прадстаўнікі прэсы звярнуліся ў Генпракуратуру і паскардзіліся на тое, што міліцыя замінае ім працаваць на “маўклівых акцыях”. То бок, затрымлівае карэспандэнтаў, адбірае ў іх фотавідэаматэрыялы і прафесійную тэхніку.
Рыгор Васілевіч растлумачыў міліцэйскаму кіраўніцтву, што журналісты маюць права прысутнічаць на масавых мерапрыемствах па заданні рэдакцыі. Яны маюць права перадаваць адтуль інфармацыю і павінны паказваць службовае пасведчанне пры патрабаванні.
Разам з тым генеральны пракурор адзначае: міліцыянты маюць права не пускаць журналістаў у пэўныя месцы, калі гаворка ідзе пра асабістую і грамадскую бяспеку, паведамляе БелаПАН. Але трэба улічваць, што дзейнасць карэспандэнтаў падчас збору і перадачы інфармацыі носіць прафесійны характар і грунтуецца на нормах заканадаўства.
Пра фактах судоў над журналістамі пасля “маўклівых акцый” будзе зладжана праверка.