Гайдукевіч заявіў аб фарміраванні аргкамітэта "Беларускага народнага руху"
Кіруючым органам аргкамітэта з'яўляецца каардынацыйны савет, у склад якога могуць увайсці арганізацыі, "якія маюць колькасць не менш чым сто чалавек".
Ліберальна-дэмакратычная партыя пачала фарміраванне аргкамітэта "Беларускага народнага руху". Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе партыі.
У склад "Беларускага народнага руху" могуць уваходзіць "юрыдычныя і фізічныя асобы, прадстаўнікі прыватнага бізнесу, любых існуючых аргструктур, а таксама пенсіянеры — як ваенныя, гэтак і грамадзянскія".
Кіруючым органам аргкамітэта з'яўляецца каардынацыйны савет, у склад якога з правам голасу могуць увайсці "арганізацыі грамадскай і палітычнай скіраванасці, вытворчыя, спартыўныя і іншыя, якія маюць колькасць не менш чым сто чалавек".
Плануецца, што першае пасяджэнне каардынацыйнага савета аргкамітэта "Беларускага народнага руху" адбудзецца пасля зацвярджэння ўсімі ўдзельнікамі адзінай праграмы дзеянняў.