Эксперымент з электроннымі бранзалетамі ў Беларусі так і не пачаўся

На пачатку 2010-га Міністэрства ўнутраных спраў паабяцала цягам года здзейсніць выпрабаванні электронных бранзалетаў для зняволеных, якіх вызвалілі да суда пад хатні арышт. Эксперымент планавалася правесці на базе сталічнай міліцыі.

Але год прайшоў, а да эксперыментаў справа з электроннымі бранзалетамі так і не дайшла. Нібыта з-за нейкіх неадпаведнасцяў у заканадаўчай базе. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік прэс-службы ГУЎС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі:

Аляксандр Ластоўскі: “Гэтая норма яшчэ не ажыццявілася. Я запытваўся ў ГУЎС сваіх: “Чаму?”, але мне не здолелі адказаць. Міністэрства яшчэ прапрацоўвае пытанні ўсяго гэтага, вывучаюцца ўсе нюансы. Мне сказалі, што пытанне дзесці ў МУС, у нетрах Глаўка “круціцца”.

Цікава, што напачатку лютага 2010 года агенцтва БЕЛТА, спасылаючыся на крыніцы ў МУС, паведаміла, што выкарыстанне электронных бранзалетаў дазволена Крымінальна-выканаўчым кодэксам, які дзейнічае з 2009 года.

У Расіі тэставыя выпрабаванні электронных бранзалетаў праходзілі летась, а ў Польшчы гэтая сістэма дзейнічае з 1 верасня 2009 года. І, як сведчаць нашыя заходнія суседзі, — сябе апраўдвае. Па падліках польскага МУС, забяспечыць зняволеных бранзалетамі, за выкарыстанне якіх яны самі і плацяць, значна танней, чым трымаць іх за кратамі.