Пры разгоне маўклівай акцыі міліцыя ўжыла газ (ОНЛАЙН+ФОТА+ВІДЭА+АЎДЫЁ)
На Прывакзальнай плошчы адбыліся жорсткія затрыманні.
21.51 Пра вынікі затрыманняў паведамляюць праваабаронцы з «Вясны-96». На Прывакзальнай плошчы ў Мінску было затрымана каля 100 чалавек, быў ужыты слезацечны газ.
У Фрунзенскім РУУСе знаходзіцца каля 50 чалавек, Сярод іх Дземскі Дзяніс, Ігнатчык Яўген. У Завадскім - каля 20-ці.
У Кастрычніцкім РУУСе - больш за 30 затрыманых. Сярод іх - Аляксандр Баразенка, Аляксандр Сцепаненка, Сукін Валерый, Грыцко Павел, Кучар Павел, Мельнікаў Ян, Лагвіновіч Уладзь, Антанюк Яніна, Кашпар Вольга, Кашпар Вячаслаў.
Сярод затрыманых у Кастрычніцкім РУУСе - 6 жанчын, сярод якіх адна цяжарная.
Фотакарэспандэнтку Юлію Дарашкевіч адпусцілі з Кастрычніцкага РУУСа без складання пратакола. У 21.20 У Кастрычніцкі РУУС прыехала хуткая дапамога.
У Маскоўскім РУУСе каля 40 чалавек, сярод іх - Сямаха Аляксей, Бандарэнка Вікторыя, Куўшынаў, Харанёк, Макоўскі. Яцэвіч Афанасій, Бабій Ягор, Пятніцкі Аляксандр, Службік Сяргей, Паліенка Дзьмітрый, Шаламіцкі, бацька і сын Зелянкевічы, Дваранінавіч, Куўшынава, Астапчык, Пінчук, Нячаева, Жамодзік, Мацкевіч Павел. Сілаеў Аляксандр, Яўменчыкаў Андрэй, Сазановец Андрэй, Круцько, Паланскі Юрый, Яцэвіч Аляксей, Малкоўскі Дзяніс Сюды ж прывезлі і 6 чалавек з Кастрычніцкага РУУСа.
Прама ў Маскоўскім РУУСе быў затрыманы Якубоўскі Юрый - муж Марыны Лобавай, які прыйшоў за ёй.
СМАЛЯВІЧЫ: Вольга са Смалявіч паведаміла, што ёй вярнулі яе 1,5 гадовага сына, затрыманага на плошчы. "Мяне пусцілі ў РАУС, дзе дзіця спала на руках у дзеда. Але самога майго бацьку не аддалі. Паабяцалі, што і маго бацьку аддадуць праз тры гадзіны, але не адпускаюць, і цяпер я чую з РАУСа яго крыкі. Што там адбываецца, я не ведаю", кажа Вольга.
БАБРУЙСК: У Бабруйску ў нядзелю сабралося каля 60-70 чалавек. "Маўклівая акцыя" ў Бабруйску, насуперак размовам недабразычліўцаў адбылася, але сабрала крыху менш людзей, чым заўжды па серадах. Цікава, што бабруйскія міліцыянты выразна даюць зразумець, што затрымліваць нікога не маюць намеру. Калі "рэвалюцыянеры" пачыналі апладыраваць, то міліцыянты спецыяльна адварочваліся, і сыходзілі ў глыб парку.
Многія "рэвалюцыянеры" кажуць, што рэальна ўдзячныя міліцыянтам за паразуменне. Бабруйск - адзіны горад, дзе пакуль не было ніводнага затрымання.
20.55 Адпусцілі фотакарэспандэнтку Юлю Дарашкевіч.
Юля Дарашкевіч: "Я адчувала сьлёзацечны газ, пяршыла ў горле, выклікае моцны кашаль. Мяне затрымалі разам з іншымі, некаторыя людзі ляжалі ў аўтазаку на падлозе, затрыманні былі вельмі жорскія. Потым у РУУС прыехаў прэс-сакратар ГУУС Ластоускі, і мяне адпусцілі. Гэта стала добрай традыцыяй - спачатку жорстка затрымліваюць журналістаў, ламаюць ім апаратуру, пасля ва ўчастак увесь у белым прыязджае спадар Ластоўскі і разбіраецца. Са мной там быў Аляксандр Барадзенка, фотакарэспандэнт, паказаў мне кавалак сваёй камеры. Яго затрымлівалі вельмі жорстка. Больш я нікога не пазнала, затрыманых было некалькі дзясяткаў, яны стаялі ў чарзе".
20.40 Акцыя скончылася, людзей на Прывакзальнай плошчы амаль не засталося. “Супрацоўнікаў у цывільным тут больш, чым звычайных людзей”, перадае наш карэспандэнт.
20.30 Андрэй Елісееў: "Да людзей ўжываюць газавыя гранаты. Пацярпеў выпадковы мінак, да якога ўжылі газ. Да яго падскочыў начальнік ГУУС Яўсееў і пачаў на яго крычаць, што ён тут бегае і стварае паніку, таму сам вінаваты і скамандаваў хлопцу "звальвай адсюль". Час ад часу Яўсееў падыходзіць да людзей і пытаецца што яны тут робяць".
Відэа: Радыё "Свабода"
20.00 Затрыманых на Прывакзальнай плошчы павезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёна.
Юры з аўтазаку з Мінску, з прывакзальнай плошчы прыслаў смс: "Нас некуды павезлі. Бальшыня збітыя. Некаторыя ляжаць на падлозе".
БАРАНАВІЧЫ: У Баранавічах сабралася чалавек 200-250. На плошчы ўлады пачалі канцэрт з розных калектываў - фальклорныя калектывы, брэйк-данс. Вядучы заклікаў пляскаць у ладкі, але людзі не пляскалі, адны не хацелі здавацца пратэстоўнікамі, іншыя - прыхільнікамі ўлады. Таму пляскалі рэдка і несабрана.
У Баранавічах былі затрыманыя тры чалавекі. Супрацоўнікі міліцыі перапісвалі пашпартныя звесткі ў тых, хто здаваўся ім падазроным.
СВЕТЛАГОРСК: На цэнтральным пляцы ў Светлагорску сабралася каля 10 чалавек. Але людзі сышлі, бо там адбывалася арганізаванае ўладамі мерапрыемства. Было шмат міліцыянтаў, адзін чалавек у цывільным здымаў усё на камеру. Паведаміў наш слухач Андрэй.
ВІЦЕБСК:
ПІНСК: У Пінску міліцыя чакала "маўклівую акцыю" на галоўнай плошчы горада. Прыкладна ў 18.00 плошча Леніна ў Пінску была ачэплена супрацоўнўкамі міліцыі. Па сярэдзіне пляцу быў дэманстратыўна выстаўлены аўтазак. Потым, ў 18.30 міліцыянты забаранілі праход і праезд праз ачэпленую тэрыторыю. Разгубленым пінчукам тлумачылі, што праходзіць святочнае мерапрыемства. Праз хвілін сорак ачапленне было знята. Пад час акцыі запалохвання гараджан, праваахоўнікі затрымалі двух юнакоў, праз паўгадзіны іх адпусцілі.
БРЭСТ: У Брэсце ўлады перагарадзілі ўваход на плошчу з дапамогай часовай сцэны. Людзей сабралася каля 200-300 чалавек, на пляц яны прайсьці не маглі. На вуліцы дзяжурыла некалькі аўтазакаў, людзі ім пляскалі ў ладкі. "Брэскія аўтазакі нагадваюць хлебныя аўталаўкі", кажа Ірына Ластоўская з Брэсту: "Калі групы падыходзілі да пляцу, ціхары спрабавалі выхапіць некалькіх маладзёнаў. Маладзёнаў адбілі мінакі. Цяпер ля дома аднаго з тых маладзёнаў дзяжурыць група ціхароў". Cпадарыня Лаўроўская запыталася ў ціхароў, каго яны чакаюць тут. Ціхары адказалі "Дзевушак". І засталіся стаяць.
ГРОДНА: У 19.30 на вуліцы Савецкай сабраліся людзі, яны пайшлі па тратуарах, свісцелі і хлопалі. Адразу ж з'явілася гукаўзмацняльная апаратура, па якой людзям сказалі разыйсціся. Прыехаў аўтазак, АМАП пачаў выхопліваць людзей з натоўпу, цягнулі за рукі і за ногі, людзі крычалі. Два аўтазакі запоўненыя людзьмі з'ехалі. Паведамляюць нашы слухачы.
Яшчэ да таго, як людзі пачалі апладзіраваць, на Савецкай вуліцы з'явіўся старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра. Ён здалёк паназіраў за натоўпам, які прыйшоў паапладзіраваць, і праз некалькі хвілін сышоў.
Аксана Пачобут, Гродна: "Людзі на пляцы папляскалі ў ладкі, міліцыя крычала ў гучнагаварыльнікі, што акцыя незаконная. Людзі пайшлі дадому, але іх двума аўтазакамі заціснулі на вуліцы. Людзі кінуліся ў чэргі, у кавярні, але іх выцягвалі з чэргаў і кавярняў. Дзяўчыну з фотаапаратам неслі чацвёра, яна жудасна крычала. Хлопца яшчэ аднаго валаклі чацвёра. У Гродне было шмат удзельнікаў, столькі сама як мінулым разам. У адным аўтазаку павезлі 11 чалавек. Па горадзе ездзілі газелі і ў іх таксама хапалі людзей".
ГОМЕЛЬ: У Гомелі сабраліся 200-300 чалавек. Прыпынак, на якім збіраліся людзі ў мінулую сераду, быў закрыты для транспарту і ахоўваўся міліцыяй. Было затрымана на вачах нашага інфарматара 3 чалавекі.
МАЛАДЗЕЧНА:
РАГАЧОЎ: У Рагачове на пляц ніхто не выйшаў. Вечарам на рагачоўскім галоўным пляцы мясцовыя ўлады абвясцілі дыскатэку. Міліцыянты ходзяць з нейкім загадам па блізкіх прадуктовых кіёсках. Што за загад, наш слухач Андрэй не пачуў.
МАГІЛЁЎ: У Магілёве ўвечары сабралася вельмі шмат людзей, больш за 1000 чалавек. Хутка наляцелі невядомыя, арыштоўвалі людзей на Ленінскай вуліцы, на пажарным завулку, на плошчы. Паводзіліся сябе жорстка. Арыштаваныя дзясяткі чалавек, расказвае слухачка Ганна. Самую Ганну адбіла яе мама.
У Магілёве ў часе разгону шэсця міліцыя арыштавала журналіста Алеся Асіпцова, праваабаронцу Барыса Бухеля і шмат іншых удзельнікаў акцыі. Пра гэта для радыё «Свабода» паведаміла жонка журналіста Алена Асіпцова. У Магілёве ўдзел у шэсці ўзялі больш за 1000 чалавек. Гэта найбольшая акцыя пратэсту ў горадзе ад 1996 года. Паведамляе Наша Ніва.
ЖЛОБІН: Галоўная плошча ачэпленыя міліцыяй, стаіць міліцэйская машына, людзей няма. Паведамляе Юры, слухач са Жлобіна.
19.47 Перадае карэспандэнт Еўрарадыё Андрэй Елісееў. "На прывакзальным пляцы напакавана ўжо 4 аўтазакі людзей. На чалавека з натоўпу накідваюцца групамі па 5-6 чалавек. Хапаюць і валакуць у аўтобус. Удзельнікаў стала больш. Прыехаў прэс-сакратар ГУУС Аляксандр Ластоўскі, але ён адмовіўся камэнтаваць дзеянні міліцыі і людзей у цывільным. Параіў журналістам трымацца ля яго, каб не пацярпелі, але потым недзе знік".
ГРОДНА: У Гродне затрымалі журналістку Гражыну Шалкевіч. Магчыма, гэта дачка Віктара Шалкевіча.
19.45 Еўрарадыё звязалася са слухачом Юрыям, які цяпер сядзіць у аўтазаку на Прывакзальным пляцы. Юрый: "Нас каля 20 чалавек, з іх 5 ці 6 жанчыны. Нас затрымлівалі жорстка, у аднаго хлопца акрываўлены твар. Чакаем, што будзе з намі далей".
19.40 Каля адной з вежаў сабраліся маладыя жанчыны. Яны гучна, крыкма крычаць, пратэстуюць супраць дарагавізны, росту цэнаў, кажуць: дзіцячыя рэчы да чаго падаражэлі, як пражыць? Іх абступілі журналісты. Да іх падышоў асабіста Яўсееў, спрабуе іх разагнаць. Перадае сайт Нашай Нівы.
19.32 Затрымалі фотакарэспандэнтку Юлю Дарашкевіч.
Фатограф Антон Матолька перадае, што затрыманні былі таксама вуліцы Кірава. Там на зямлі ляжаць абломкі ад пабітай здымачнай апаратуры.
19.30 Масавыя жорсткія затрыманні ідуць як каля вакзала, так і на іншым баку дарогі. Людзі ў цывільным падыходзяць да людзей, што сядзяць ля вакзалу, просяць сыйсці. Цяпер каля самога будынку людзей стала меней, яны перамясціліся ўбок ад вакзалу.
19.28 На Прывакзальнай плошчы да ўдзельнікаў акцыі кропкава ўжылі слезацечны газ. Людзі пачалі кашляць і церці вочы, але дым вельмі хутка рассеяўся.
Тацяна Бублікава: Пярцовы газ кідалі разоў 6. Набралі людзей тры поўныя аўтазакі, ціхароў было каля 50. Затрыманні брутальныя, жанчыны ў сьлязах.
СМАЛЯВІЧЫ: У Смалявічах на галоўную плошчу горада выйшла некалькі жанчын з дзецьмі і пачалі пляскаць у ладкі. Міліцыя затрымала паўтарагадовага сына адной з удзельніц, Вольгі, і звезла яго ў невядомым кірунку. Затрыманы таксама і дзед дзіцяці. Разам яны ці не, невядома.
19.25 Атрымалася яшчэ раз выйсці на сувязць з нашым карэспандэнтам. "На Прывакзальным пляцы стаяць супрацоўнікі ДАІ, людзі рассеяныя, частка перайшла на другі бок. Усяго 150-200 чалавек. Аўтазакі і людзі ў цывільным напагатове".
Еўрарадыё: Андрэй, што адбываецца на прывакзальнай плошчы?
Андрэй Елісееў: Каля дзесяці хвілін таму на маіх вачах затрымалі трох чалавек. Пасля пад’ехалі яшчэ як мінімум пяць аўтазакаў і зараз яны стаяць непадалёк ад уваходу ў будынак вакзалу. Выглядае на тое, што можа неўзабаве пачацца хапун. Пакуль людзей тут 100-150 чалавек — на адным і на другім баку разам чалавек 150, не болей.
Еўрарадыё: То бок выходзіць, што пяць аўтазакаў змесцяць гэтых людзей?
Андрэй Елісееў: Змесцяць усіх ды яшчэ месца застанецца. Я бачыў, як людзі ў цывільным чыняць правакацыі. Яны б’юць нагамі фотарэпарцёраў, на маіх вачах хлопца пінаў нейкі бамбіза без апазнавальных знакаў. Ад фотакамеры адляцеў аб’ектыў, ён пачаў таптаць яго нагамі. Увогуле гэты чалавек паводзіцца вельмі неадэкватна.
Еўрарадыё: Ці штат тут супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным?
Андрэй Елісееў: Іх вельмі шмат. Яны ў самім будынку вакзала, а таксама ў пераходах. Большасць выхадаў з падземных пераходаў на вуліцу заблакаваная. Выйсці з вакзалу на Прывакзальную плошчу можна толькі праз цэнтральны ўваход вакзала. Людзі ў цывільным выглядаюць вельмі тыпова — бачная іх вайсковая выпраўка. Некаторыя маюць у вушах прыстасаванні, па якіх яны перамаўляюцца, але не ўсе з такімі прыстасаваннямі. Ва ўсіх кароткія стрыжкі. Ідэнтыфікаваць іх вельмі лёгка.
Еўрарадыё: Ці пляскалі ўдзельнікі акцыі ў ладкі?
Андрэй Елісееў: Не, абсалютна не. Пакуль яны стаяць і маўчаць. Праўда, ці не палова з прысутных, — гэта пакуль што журналісты. Але людзей вось ужо агулам зараз паболела, іх чалавек 200. Людзі ў цывільным ходзяць “зграйкамі”, невялікімі групамі па колькі чалавек.
19.20 Працягваюцца жорсткія затрыманні. Як мінімум затрымалі ўжо 15 чалавек, перадае карэспандэнт Еўрарадыё. Хапаюць таксама дзяўчат, за рукі, за ногі. Накідваюцца па некалькі чалавек на аднаго. Людзі спрабуюць пляскаць у далоні... [Сувязь з нашым карэспандэнтам на гэтым абарвалася].
19.02 Пачаліся затрыманні. АМАП паводзіць сябе жорстка, бьюць журналістаў. У аднаго з фатографаў адабралі фотакамеру і тапталі яе на зямлі нагамі. Ля вакзалу стаіць як мінімум 5 аўтазакаў.. У сіні аўтобус без нумароў пацягнулі 5-10 чалавек. Першая машына ад’ехала. На яе месца прыехалі тры іншыя.
Перадае карэспандэнт Еўрарадыё: "19.00 на Прывазальнай плошчы сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Ціхароў у цывільным было ў некалькі разоў больш. Было і 5 аўтазакаў, якіх хопіць на ўсіх сабраных. Людзі не пляскалі ў ладкі, а проста стаяли. тады ціхары сталі іх правакаваць. Яны білі журналістаў, тапталі апаратуру. Потым пачалі круціць людзям рукі і забіраць. Затрымана прынамсі некалькі чалавек. Затрыманні вельмі жорсткія".
19.00 На Прывакзальнай плошчы каля самога будынку каля 100 чалавек, вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі. Людзей просяць разыйсціся. Усе выйсці з вакзалу, акрамя галоўнага, блакаваныя. АМАП актыўна просіць адыйсці далей.
18:00 Каля вакзалу спецназаўцы і людзі ў цывільным, стаіць аўтазак, а таксама некалькі мікрааўтобусаў з міліцыянтамі. Міліцыя правярае дакументы ў некаторых маладых людзей.
Таксама ўжо цяпер міліцыянты на вакзале правяраюць дакумэнты ў маладых
людзей, якія могуць выклікаць падазрэньне, што яны патэнцыйныя
ўдзельнікі акцыі.
17.45 Па праспекце ў бок Цэнтральнага вакзала толькі што праехалі чатыры аўтазакі і аўтобус поўны міліцыянтаў. А гэты аўтобус ужо стаіць ля вакзалу.
20 чалавек затрыманых знаходзіцца цяпер у РУУС Заводскага раёна. Сярод іх - Павел Сасноўскі, Кацярына Давыдзік, Антон Жылко. Аднаго хлопца (Аляксандра) адпусцілі. Паведаміла Еўрарадыё праваабаронца Наста Лойка.
Затрыманы журналіст "Еўрарадыё" Павел Свярдлоў. Яму дазволілі зрабіць званок. Павел паспеў сказаць, што знаходзіцца ў Фрунзенскім РУУС. Паводле слоў журналіста "Еўрарадыё", яго хутчэй за ўсё павязуць на Акрэсціна. Нагадаем, што з Паўлам не было сувязі на працягу чатырох гадзінаў.
Затрыманых падчас параду прывезлі ў РУУС Заводскага раёна. У Заводскім РУУС "Еўрарадыё" падцвердзілі, што затрыманых падчас парада прывезлі туды. Аднак паведаміць іх колькасць адмовіліся. Назвалі толькі адно імя -- Павел Сасноўскі. Нагадаем, што Паўла затрымлівалі таксама падчас мінулых акцый.
Праваабаронцы паведамляюць пра 3-5 чалавек затрыманых. Магчыма гэта людзі, якіх і раней затрымлівалі падчас маўклівых акцыяў. Верагодна гэтых людзей не выпусцяць раней, чым у 11 гадзін вечара, паведаміла Еўрарадыё праваабаронца Наста Лойка. Прозвішчы і месцазнаходжанне затрыманых пакуль невядомыя.
Кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі інфармацыю пра затрыманых Еўрарадыё не пацвердзіў.
13.00 Адразу пасля таго як парад скончыўся, а Лукашэнка пакінуў трыбуну, народ пачаў масава разбягацца. На месцах застаюцца толькі тыя, каго загналі на трыбуны. Яны назіраюць за фізкультурнымі мерапрыемствамі.
12.40 Па праспекце прайшлі вайскоўцы і баявая тэхніка. Праляцела таксама авіяцыйная тэхніка. Рух на праспекце цалкам перакрыты.
12.20 Лукашэнка скончыў прамову. Былі нясмелыя спробы пачаць пляскаць у далоні, але гэтых людзей хутка спынілі. "Хто пачынае хлопаць, да таго падыходзяць ззаду і ўводзяць пад рукі", паведамляюць слухачы Еўрарадыё. Гледачы таксама кажуць, што чулі пытанні па рацыі "У чыім аўтобусе затрыманыя?". Мяркуючы па гэтым затрыманыя ўжо ёсць.
У ГРОДНА затрымалі журналіста, актывіста Саюза палякаў Ігара Банцара. Калі Ігар вяртаўся дахаты, побач з домам яго чакалі міліцыянты. Затрымалі Банцара нібыта за парушэньне правілаў правядзеньня пікетаў 28 чэрвеня. Спраўдзіць прычыну затрыманьня немагчыма – мабільны тэлефон Банцара адключаны, перадае Свабода.
Прамова Лукашэнкі распачалася. Апладысментаў не чуваць.
12.00 Да стэлы прыбыў Аляксандар Лукашэнка ў з сынам Колем. Сустрэлі іх ціха, без гучных воплескаў. Абодва прымаюць парад у вайсковай форме. Па БТ ідзе прамая трансляцыя з параду.
Міністр абароны Юрый Жадобін прымае парад у адкрытай машыне. У другой машыне — камандуючы парадам генерал-маёр Пузікаў.
11.35 Па праспекце Машэрава прайшлі шэрагі вайскоўцаў. За імі праехалі трактары "Беларусь", расчышчаючы тэрыторыю. Неўзабаве Лукашэнка мае распачаць сваю прамову. Тым часам людзей у гэтым раёне вельмі няшмат, перадае карэспандэнт Еўрарадыё Павел Свярдлоў.
11.20 Каля пунктаў пропуску збіраюцца чэргі, даглядаюць марудна. Вакол шмат спецназаўцаў і людзей у цывільным.
10.40 На скрыжаванні праспекту пераможцаў і Машэрава ў Мінску пачынаюць збірацца ўдзельнікі сьвяточных мерапрыемстваў да Дня незалежнасьці. Трыбуна для самых высокіх гасьцей пакуль пустая. Шмат чыноўнікаў, супрацоўнікаў вертыкалі са сьцяжкамі з надпісамі "Белая Русь" і "БРСМ", перадае сайт Свабоды.
Ля месца правядзення параду узмоцненыя захады бяспекі. Людзей прапускаюць толькі праз турнікеты. Тых, у каго няма запрашальнікаў, накіроўваюць у глядацкі сектар каля гатэлю "Планета".
Напярэдадні 3 ліпеня па Беларусі адбыліся прэвентыўныя затрыманні. Затрыманыя студэнты ЕГУ, Шушкевіч, каардэнатары маўклівых акцый у рэгіёнах.
БРЭСТ: Брэсцкая міліцыя заблакавала грамадскага актывіста ў кватэры. Як паведаміў Яўген Скрабец, 4 міліцыянты пільнуюць яго ў машыне, 2 у цывільным - ля пад'езда. Актывіст упэўнены, што гэта звязана з жаданнем прааахоўных ворганаў ізаляваць яго ад удзелу "маўклівай акцыяй" 3 ліпеня ў Брэсце.
Нагадаем, што 3 брэсцкіх актывіста ўжо знаходзяцца ў Ленінскім ІЧУ:
Зміцер Шурхай, Іван Стасюк і Артур Анісімаў.
ГОМЕЛЬ: 2 ліпеня на плошчы Леніна ў Гомелі каля гадзіны дня быў затрыманы Руслан Усціменка. Ён збіраўся сустрэцца там са сваімі знаёмымі, каб адвезці перадачу тым, хто дагэтуль затрыманы пасля маўклівай акцыі ў сераду. Чацвёра амапаўцаў і 2 міліцыянеры скруцілі Руслана і пацягнулі ў чырвоны мікрааўтобус. Яго цяперашняе месцазнаходжанне невядома.
Нагадаем, што Руслана ўжо двойчы затрымлівалі пасля маўклівых акцый пратэсту. Пасля затрымання ў мінулую сераду суд над ім прызначаны на 7 ліпеня.
2 ліпеня а 21 вечара у ГОМЕЛІ затрымалі Паула Прывалава, каардынатара партыі "Беларускі Рух" па гомельскай вобласьці.Яго абвінавацілі у дробным хуліганстве, цяпер ён знаходзіцца у РУУС Чыгуначнага раёна. У панядзелак 4 ліпеня мае адбыцца суд. Павел - адзін з арганізатарау мауклівых акцыяу пратэсту штосераду, а таксама акцыі 3 ліпеня у Гомелі.
БАРЫСАЎ: Барысаўскага актывіста Васільева ад ранку пільнуе КДБ. Супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі дзяжураць ля дома, у якім жыве Міхаіл Васільеў.
Раніцай 3 ліпеня ў кватэры спадара Васільева прагучаў тэлефонны званок, паведамляе рэгіянальны партал “Барысаў”. На думку актывіста, такім чынам супрацоўнікі КДБ спраўджвалі, ці знаходзіцца ён дома. Пасля званка пад вокнамі кватэры Васільева спыніўся серабрысты аўтамабіль “Пежо” з некалькімі пасажырамі. Актывіст мяркуе, што такім чынам КДБ спрабуе не дапусціць яго ўдзелу ў сённяшняй акцыі пратэсту.
Ноччу на мяжы з Літвой затрымалі Станіслава Шушкевіча. Былы спікер Вярхоўнага Савета вяртаўся цягніком з Вільні, дзе браў удзел у форуме Супольнасці дэмакратыяў. Разам з ім затрымалі таксама групу студэнтаў ЕГУ. У іх таксама забралі пашпарты і нічога не патлумачылі.
ГРОДНА: 3 ліпеня на цэнтральнай плошчы Гродна праспяваюць гімн. Удзел у акцыі “Праспяваем гімн разам” возьмуць некалькі тысяч чалавек. Аб гэтым агенцтву БелТА паведамілі ў аддзелах ідэалогіі аблвыканкамаў.
Гімн будуць спяваць не толькі ў абласным цэнтры, але і ва ўсіх буйнейшых населеных пунктах вобласці. Паведамляецца, што ўдзел у акцыі “Праспяваем гімн разам” возьмуць звычайныя жыхары, а дапамагаць ім будуць мясцовыя артысты. На сцэне будуць салісты Гродзенскай капэлы, вакальна-інструментальнага ансамбля “Фолюш”, хор ветэранаў, народныя і моладзевыя калектывы.
Нагадаем, што менавіта ў Гродне 29 чэрвеня прайшлі найбольш масавыя акцыі “маўклівага пратэсту” у рэгіёнах.
ВІЦЕБСК: Напярэдадні 3 ліпеня ў Віцебску на плошчы Перамогі прайшла рэпетыцыя святочных урачыстасцяў. Фотарэпартаж з сайту Народныя навіны Віцебска.
Мерапрыемства пачне выступ зводнага вайскова аркестра і пазаштатнай роты ганаровай варты 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады. Аркестр будзе выконваць маршы, у тым ліку — на беларускай мове, а дэсантнікі вырабляць эквілібрыстычныя штукі з карабінамі СКС.
Следам, пад знакамітыя мелодыі Германіі 1930-х, на плошчу выедзе самаходны макет Брэсцкай крэпасці. Адбудзецца скарацечная сутычка паміж савецкімі памежнікамі і нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пасля чаго ўдзельнікі сутычкі пракавыляюць следам за крэпасцю міма трыбун.
Наступнымі гледачы ўбачаць вызваліцеляў Віцебска, чыю калону ўзначаляць аўтамабілі ГАЗ-67 і БРДМ. За імі конна на калёсах з гумавымі коламі і літымі алюміневымі дыскамі ў родны горад будуць вяртацца мірныя жыхары. Побач два чырвонаармейцы будуць гнаць тлустага палоннага немца. Да ваеннагапалоннага, відаць, з мэтай пусціць яго на скваркі, час ад часу будзе спрабаваць дабрацца “бежанка” — вядомая актрыса тэатра імя Якуба Коласа Раіса Грыбовіч.
Дзіцячае выступленне, сімвалізуячае памяць пра герояў-вызваліцеляў завершыць шоу 3 ліпеня. Самыя малодшыя ўдзельніцы выступлення паднясуць старшыні аблвыканкама Аляксандру Косінцу кветкі, за што адтрымаюць з губернатарскіх рук кошыкі з цукеркамі.
Між іншым блогер chudentsov выклаў у сваім Жывым журнале копіі разнарадак, у якіх прадпрыемтвам Кастрычніцкага раёна Віцебска загадваецца вывесці на святкаванне 3 ліпеня пэўную колькасць людзей.