Дзед Мароз за пераднавагоднія 2 тыдні заробіць 2 мільёны рублёў

111129 Marcin Praca.mp3

У інтэрнэце знайсці абвесткі аб працы для студэнтаў нескладана. Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў уладкавацца, прадставіўшыся студэнтам. У першай аб’яве — на сайце Praca.by — прапануюць стаць Дзедам Марозам.

“Умовы залежаць ад замовы. Віншаванне дзяцей на даму. Ад 5 долараў за замову. Можа быць і больш, у залежнасці ад набліжэння Новага году. Гэта не цэлы дзень, у асноўным увечары. Гэта з 15-га снежня, а пакуль мы сцэнар прапрацоўваем, набіраем Дзедаў Марозаў, бо Снягуркі ў нас леташнія”, — распавядаюць пра ўмовы працы ў рэкламнай кампаніі “Акрабат”.

Калі ўявіць, што віншаваць дзетак давядзецца хаця б тры разы на дзень, да Новага Года такі Дзед Мароз можа зарабіць больш за 2 мільёны.

Прыбіральшчык будаўнічага смецця заробіць менш за Дзеда Мароза. Што праўда, займее сталую працу, штодзень, не менш за 4 гадзіны. Заробак — 12 тысяч за гадзіну. Але цяпер усе месцы занятыя, бо працуе шмат студэнтаў.

Пахадзіць у касцюме бутэрброда ці парэкламаваць гарбату ў краме будзе менш прыбыткова.

“Удзел у промаакцыях, раздача лісткоў, кансультацыі. Гэта можа праходзіць, як на вуліцы, гэтак і ў краме. У нас гнуткі графік, заносім вас у базу, як толькі з’яўляецца праца — тэлефануем. Аплата — 10 тысяч за гадзіну. Акцыі — ад аднаго разу ў дзень, да аднаго разу на тыдзень”, — працягваюць у кампаніі “Акрабат”.

На сайтах для пошуку працы рознарабочым прапануюць заробак ад 1,5 да 2 мільёнаў. Афіцыянтам гатовыя плаціць больш за мільён, не ўлічваючы чаявых. Грузчыкам прапануюць менш.

“На сёння — 750 тысяч рублёў. Гэта на 0,5 стаўкі. Праўда, з наступнага месяца заробак могуць павысіць, тысяч на 200”, — агучваюць заробак грузчыка ў крамах сеткі “Рублёўскі”.

“Я працую грузчыкам уначы на складзе, сем гадзінаў з перапынкам на абед. Уначы складана, канешне. У гэтым месяцы заробак павысілі да 1,5 мільёна. Калі стала ўладкуюся, абяцаюць прэмію ў 750 тысяч дадаткова. Гэта склад у Шабанах у прамзоне”, — распавядае пра сваю працу студэнт гістарычнага факультэта БДУ Рыгор Шкурынаў.

Хадзіць на працу яму даводзіцца штоноч, пяць разоў на тыдзень. Пасля — на пары ва ўніверсітэт.

Падпрацаваць на разгрузцы вагонаў не атрымаецца. На Беларускай чыгунцы ўпэўніваюць, што студэнты ў іх ужо даўно не працуюць.

“Ужо студэнтаў не запрашаюць. Там ужо амаль усё механізавана, на разгрузцы вагонаў”.

Але не ўсе студэнты сёння імкнуцца на будоўлю ці разгружаць склады. У кадравым агенцтве “Альфа прэміум” заўважаюць, што многія хочуць адразу стаць у шэрагі “белых каўнерыкаў”.

“Усё залежыць ад таго, які гэта чалавек. Нехта ідзе кур’ерам ці разгружаць вагон і ведае, што заробіць свае 3 капейкі ці 10 капеек. Ёсць іншая катэгорыя. Напрыклад, чалавек заканчвае юрыдычны факультэт і хоча зрабіць кар’еру. Зразумела, ён спрабуе шукаць працу ў юрыдычнай кампаніі”, — гаворыць дырэктар агенцтва Нэлі Міхайлоўская.

Тых, хто сёння хоча будаваць кар’еру, каля паловы. Гэта залежыць ад універсітэта і спецыяльнасці. Але калі ўладкоўвацца ў буйную кампанію, на заробак глядзець не трэба, упэўненая жанчына. Галоўнае — запіс у працоўнай кніжцы.

Максімальны заробак для студэнта, які прыгадвае дырэктар агенцтва “Альфа прэміум” больш за 400 долараў!

“Ведаю, што калі ўладкавацца мерчандайзерам у добрай кампаніі, можна атрымаць 400-450 долараў”.

З такім заробкам можна і за вучобу заплаціць. Але бяруць студэнтаў не заўжды ахвотна. Працадаўцы баяцца, што тыя будуць збягаць на кантрольныя ці іспыты. Таму найчасцей глядзяць на рэзюмэ і кансультуюцца з кадравымі агентамі, а шэраг кампаній наогул не хочуць мець спраў з навучэнцамі.

Фота: bymedia.net