Долары для золатавалютнага рэзерву Нацбанк набывае праз абменнікі

“У любым выпадку, людзі больш давяраюць банкам, чым людзям з вуліцы, больш упэўнена нясуць. І курс спрыяе. Але зараз, вядома, менш. Першыя дні, калі ён быў на высокім узроўні, то людзі вельмі актыўна неслі. Зараз ужо спад, канешне. Больш здаюць, у любым выпадку. Па такім курсе мала набываюць”, -- расказалі Еўрарадыё ў абменніку Белаграпрамбанка на праспекце Незалежнасці.

Здаюць валюту не толькі ў выглядзе наяўных. У прэс-службе аднаго з самых буйных банкаў краіны – Беларусбанка – нас з радасцю запэўніваюць, што нават валютныя ўклады зараз масава пераводзяць у рублёвыя.

“У нас прырост па ўкладах. Па ўсіх відах валют. Людзі здаюць валюту, вяртаюць. Пераафармляюць крэдыты. Добрыя тэндэнцыі для банка. Больш здаюць – гэта дакладна. Народ панёс валюту. Пераафармляюць. Вы ведаеце, ў нас пераафармляюць доларавыя ўклады ў валютныя. З долараў пераводзяць у нацыянальную валюту”.

На фоне такой эйфарыі дзіўнай застаецца толькі пазіцыя Нацбанка. У абменніку упраўлення па Мінску і Мінскай вобласці валюту насельніцтву не прадаюць увогуле. Тут нават курсу для продажу долараў і еўра не існуе.

“Не. Нацыянальны банк валюту не прадае. У нас кошты выстаўленыя толькі на набыццё валюты. Нацыянальны банк фарміруе золатавалютны рэзерв”.

Дарэчы, гэта не адзінае дзівацтва Нацыянальнага банка Беларусі. Каштоўныя металы за рублі там набыць усё яшчэ немагчыма. І гэта на фоне нябачанага ўмацавання нацыянальнай валюты.