Датацыі не зніжаюць кошт падпіскі на дзяржаўныя газеты
На пачатку восені міністр інфармацыі заявіў, што субсідыі атрымаюць толькі 25 газет і часопісаў.
Еўрарадыё распытала, як жывуць выданні. Аказалася, што пры аднолькавым накладзе і колькасці асобнікаў у месяц, патрабаванні ў газет розныя
“У апошні час наклад ніжэйшы, пытанняў няма. Увогуле, наклад за 30 тысяч. Ну, ў апошні час у сувязі з крызісам і гэтым іншым… Асноўная маса падпісчыкаў падпісалася яшчэ да крызісу. А як будзе ў першае паўгоддзе 2012 года – адзін Бог ведае”, -- расказваюць у бухгалтэрыі “Настаўніцкай газеты”, якую абмінула дзяржаўная падтрымка.
Кошт месячнай падпіскі на “Настаўніцкую” не падвышаўся два гады і складае 12 тысяч у месяц. Там непакояцца, што падняўшы кошты, страцяць сваіх падпісчыкаў.
А вось “Народная газета” увайшла ў “Спіс 25”. Нягледзячы на гэта, рэдакцыя сёлета падняла кошт падпіскі на чвэрць. Зараз яна каштуе прыкладна 20 тысяч у месяц. Наклад “Народнай”, як і “Настаўніцкай”, прыблізна роўны 30 тысячам.
“У будні дзень меншы, у пятніцу большы. Таму недзе так у сярэднім 30… Падпісчыкаў недзе каля 28 тысяч. Ваганні вельмі маленькія. Туды-сюды -- 200, 300. Гэта стабільныя падпісчыкі нашы”.
У “Народнай газеце”, каб зменшыць выдаткі, нават ідуць на пагаршэнне якасці друку.
“Выкручваемся, калі можна так сказаць, за кошт рэкламы, недзе нечага іншага. Трохі перайшлі ад каляровасці. Не пазбавіліся, але трохі таксама робім больш таннай”
Настаўнікаў у Беларусі больш за сто тысяч, а наклад “Настаўніцкай” – усяго 30. Аднак у сталічнай гімназіі №24 Еўрарадыё запэўніваюць, што будуць падпісвацца на газету нават тады, калі кошт падпіскі ўзрасце ўдвая.
“У нас падпісваюцца настаўнікі на “Настаўніцкую газету”. Палова прыкладна дакладна падпісваецца. Увесь калектыў – прыкладна 80. Я, як настаўнік і як педагог, магу ад сябе сказаць, лічу неабходным для сябе выпісваць… Колькі буду працаваць у школе, столькі буду лічыць патрэбным. А як тады? Вы ж хацелі б, каб вашых дзяцей вучылі граматныя педагогі?”
У “Народнай газеце” тым часам прызнаюцца, што адмовіцца ад дзяржаўнай падтрымкі рэдакцыі вельмі складана. Проста немагчыма.
“Мы амаль падышлі да самаакупнасці, але вось цяпер, на жаль, у сувязі з крызісам… І друкарскія выдаткі разы ў тры-чатыры павялічыліся, таму вось немагчыма адмовіцца”.