ДАІ: Нумар серыі КН ці МІ нічога ў сабе не нясе
Вылічыць па камбінацыі лічбаў ці літар, каму належыць аўто, немагчыма.
Спецсерый з пэўнай камбінацыяй літар альбо лічбаў для нумароў аўтамабіляў міністэрстваў і нават гаража прэзідэнцкай адміністрацыі не існуе, усе атрымліваюць нумары па чарзе, — сцвярджае начальнік міжраённага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзела ДАІ Мінгарвыканкама Віктар Віннічак.
Віктар Віннічак: “Дзяржнумар вы зараз не адрозніце, каму ён належыць — юрыдычнай, фізічнай асобе ці каму яшчэ”.
Еўрарадыё: “У словах пра тое, што нумар з літарамі КН альбо МІ належыць аўтапарку Адміністрацыі прэзідэнта, праўды няма?”
Віктар Віннічак: “Ды ну! Далёка хадзіць не трэба: калі 0100 належыць таму-то, то 0101 — ужо фізічная асоба ездзіць. Набыў гэты нумар і ніякіх праблем. Тым больш, што серыі МІ, нават баюся — не ведаю, якую лічбу назваць, да таго, пакуль яна пайшла, столькі фізічных асоб набылі гэтых нумароў! Каля 300, напэўна, а можа нават і больш!”
Нагадаю, 16 студзеня ў інтэрнэце з’явіліся здымкі сіняга BMW X5 М з беларускімі нумарамі 0002 КН, прыпаркаванага непадалёк ад прэзідэнтуры Літвы. Сцвярджалася, што нумары серыі КН належаць гаражу Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі. Скандал!
Купіць нумар серыі, якая ўжо выдаецца, з найбольш “прыгожай” камбінацыяй лічбаў каштуе 350 тысяч. За 2 мільёны 100 тысяч можна замовіць любы нумар серыі, якая яшчэ нават не выдавалася. Паводле словаў супрацоўніка ДАІ, гэтая сістэма праплочаных нумароў скасавала практыку выдачы міністэрствам спецсерый.
Віктар Віннічак: “У агульным парадку, калі ласка! З 2002 года, як новы ГОСТ увялі, зацвердзілі гэта ўсё (магчымасць набываць нумар з абранай камбінацыяй лічбаў — Еўрарадыё), гэта — платная паслуга!”
Суразмоўца Еўрарадыё не адмаўляе, што раней чыноўнікі ездзілі на “блатных” нумарах. Абнаўляючы аўтапарк, кіраўнікі страцілі прывілею.
Віктар Віннічак: “На новую машыну атрымліваюць дзеючага ГОСТа нумарныя знакі — пры рэгістрацыі выдаюцца новыя. І вось так паступова адбываецца замена нумароў неіснуючага ГОСТа”.
Атрымліваецца, што калі вы мелі “блатныя” альбо “прыгожыя”, але старыя нумары, то перанесці іх на новую машыну не атрымаецца — падчас рэгістрацыі аўто аўтаматычна выдадуць новыя. Тое ж самае і падчас перарэгістрацыі аўто на іншага чалавека.
Каб праверыць словы начальніка рэгістрацыйнага аддзела ДАІ, Еўрарадыё прыгледзелася да нумароў машын, прыпаркаваных ля Міністэрстваў гандлю, энергетыкі, замежных спраў, Памежнага камітэта і Канстытуцыйнага суда. Нідзе шэрагу аўто з нумарамі аднолькавай серыі мы не знайшлі. Мы нават наведаліся да Адміністрацыі прэзідэнта. У рэжыме чакання там стаяла толькі адна Audi. З “той самай” серыі МІ...

Праўда, траплялася гэтая серыя і побач з іншымі ўстановамі.

Паркоўка ля Міністэрства сельскай гаспадаркі

Побач з Міністэрствам гандлю

Службовая паркоўка ля Мінэнэрга
Фота: Змітра Лукашука
“Дзяржнумар вы зараз не адрозніце, каму ён належыць — юрыдычнай, фізічнай асобе ці каму яшчэ”