Чыноўнікам Міністэрства сельскай гаспадаркі забаронена размаўляць са СМІ
Паўплываць на гэта не можа нават пагроза эпідэміі.
Краіну ўскалыхнуў скандал з “вучэбным” знішчэннем свіней у вёсцы Нязнанава на Наваградчыне. Еўрарадыё паспрабавала высветліць падрабязнасці, а даведалася, як Міністэрства сельскай гаспадаркі хавае свае сакрэты.
“У нас дзейнічае загад міністра ад 2008 (!) году. Усё! Мы працуем праз прэс-сакратара Мінсельгасхарча. Калі я парушу гэты загад… У 2008 годзе адмыслова ўзялі ў штат Міністэрства прэс-сакратара. Уся праца ідзе толькі праз прэс-сакратара”, — гавораць Еўрарадыё ў Дэпартаменце ветэрынарнага кантролю.
А мы ўсяго толькі хацелі даведацца, ці можна ў людзей вось проста так забіраць свіней і ці насамрэч на Наваградчыне праходзілі вучэнні? Адказаць на гэтыя пытанні можна за 5 хвілін. Але журналіста ўсё адно накіроўваюць да прэс-сакратара. Толькі вось незадача — ён хварэе ўжо другі тыдзень.
“Я вам тлумачу: прэс-сакратар зараз у лякарні. Яна наўрад ці дасць вам нейкі каментар. Яе ўжо няма другі тыдзень. Што? У нас няма кваліфікаваных спецыялістаў?”
Чаму ж няма? Ёсць! І шмат. Толькі ўсе яны падпарадкоўваюцца загаду міністра, які забараняе ім размаўляць з журналістамі.
“Я не магу сёння абыходзіць загад міністра. Таму давайце вы вось на аркушы напішаце нейкую вашу ўстанову, якія пытанні вас цікавяць, якія вы б хацелі, каб былі асветленыя, і мы на працягу трох (!) дзён іх на сайце вывесім”.
Вы можаце запытацца і пра эпідэмію свіной чумы, і пра рост надояў — адказ атрымаеце, толькі калі самі чыноўнікі вырашаць яго апублікаваць. Таму што важнасць інфармацыі ніхто не вызначае.
“А хто вызначыў важнасць інфармацыі альбо першачарговасць, альбо чаму павінны ў момант даваць? Вы больш за нашу гаспадарку хвалюецеся, чым мы”.
Гэта вельмі падобна на гісторыю з выбухам на Чарнобыльскай АЭС, калі інфармацыю некалькі дзён узгаднялі з самымі рознымі міністрамі. Добра яшчэ, што прэс-сакратары тады не хварэлі.
“Я вам тлумачу: прэс-сакратар зараз у лякарні. Яна наўрад ці дасць вам нейкі каментар. Яе ўжо няма другі тыдзень. Што? У нас няма кваліфікаваных спецыялістаў?”