“Бяспечны сэкс” за паўгода падаражэў у тры разы
"Мажлівы рост палавых інфекцый, пасля — аборты, і ў трэцюю чаргу — нараджальнасць".
Дрэнныя навіны: ”бяспечны сэкс” за паўгода падаражэў у тры разы. У сталічнай аптэцы №1 ад “Белтэхфарму” Еўрарадыё распавядаюць, як змяняліся кошты на прэзерватывы.
“У шостым месяцы каштавалі 3600 рублёў, у жніўні каштавалі ўжо 7900, а ў снежні — 13 тысяч. У тры разы вырас долар — і кошты таксама прыкладна ў тры”, — гаворыць аптэкарка.
Цяпер пачак прэзерватываў “Contex” на тры штукі каштуе 12 тысяч. За такі ж пачак “Sico” давядзецца аддаць 15 тысяч, а вялікі пакунак на 10 штук будзе каштаваць 50 тысяч.
Але менш прэзерватываў набываць не сталі, часцей абіраюць больш танныя варыянты.
“Сталі браць танныя, па тры тысячы. У нас іх раней наогул не было, намагаліся прадаваць надзейныя”, — распавядае прадавец у 8-ай аптэцы “Інтэрафіцына плюс”.
Калі сэксам займацца тры разы на тыдзень, то ў месяц за прэзерватывы трэба аддаць 52 тысячы. Гэта чвэрць сярэдняй стыпендыі!
У аптэцы “Доктар До”, што на Маркса, гавораць, што супрацьзачаткавыя таблеткі для жанчын таксама падаражэлі.
“Супрацьзачаткавыя… Бярэм “Ліндзінэт”: ён быў 75 тысяч паўтара месяцы таму. Цяпер 143 600. Гэта на тры месяцы 63 таблеткі. Свечы “Фарматэкс” — 84 тысячы, тры месяцы таму яны каштавалі 45 тысяч”, — адказвае аптэкарка.
Агулам за паўгода кантрацэптывы для жанчын падаражэлі ў два разы! Менш таблетак жанчыны, вядома, набываць не сталі.
“Калі жанчына прымае кантрацэптывы ўжо, то яна вымушаная, бо могуць быць праблемы потым. Хтосьці, натуральна, абірае патанней, хтосьці бярэ тое, што ўжо выпрабавана”, — кажа аптэкарка.
У Міністэрстве аховы здароўя бэйбі-бум не чакаюць.
“Ды не. Кантрацэпцыя — гэта планаванне сям’і, гэта адное. А аборт — гэта рэгулятар нараджальнасці. І людзі канчаткова вырашаюць самі”, — адказвае супрацоўнік ведамства.
Сэксолаг Дзмітрый Капусцін упэўнены, што падаражэнне кантрацэпцыі паўплывае на беларусаў. Але на нараджальнасць… у апошнюю чаргу.
“Мяркую, што нараджальнасць — трэці варыянт. Спачатку мажлівы рост палавых інфекцый, пасля — аборты, і ў трэцюю чаргу — нараджальнасць”.
Што ж рабіць хлапцам па 20-25 год… Дзмітрый Капусцін лічыць, што ўстрыманне не нашкодзіць.
“Устрыманне ў гэтым узросце практычна не шкодзіць. На фоне гіперсэксуальнасці будуць больш частыя палюцыі, чалавек вернецца да мастурбацыі. Што тычыцца жанчын, то калі дазволіць сабе мастурбацыю — разрадзіцца. Калі гэтага не будзе — у яе будуць эратычныя сны”.
Колькі трэба сэксу? Дзмітрый Капусцін не дае канкрэтнай лічбы. Ёсць тыя, каму кожны дзень трэба, а хтосьці можа ўстрымлівацца і месяц, і два.
Фота: flickr.com