Беларусы пасылаюць на Захад вопратку, дываны і нават гарбату ў пакеціках
Еўрарадыё правяло некалькі гадзінаў на Галоўнай пошце сталіцы і даведалася, што часцей беларусы пасылаюць сваім родным і знаёмым за мяжу.
Перад святамі колькасць людзей, якія жадаюць адправіць пасылку родным і знаёмым за мяжу, павялічылася ўдвая. На мінскім паштампце кажуць, што такі наплыў меншы, чым год таму. Але не дзіўна – тарыфы падняліся, і пасылаць падарункі стала дорага. У чарзе ў асноўным жанчыны. Адна з іх дасылае падарунак сыну, нявестцы ды ўнучцы ў Дэтройт. З-за крызісу робіць гэта толькі пару разоў на год.
"З нашымі магчымасцямі часта не даводзіцца адпраўляць, я пенсіянерка. Але да Новага года трэба, тым больш у ўнучкі дзень нараджэння 3-га студзеня, – паказвае пасылку жанчына. – Унучцы такую "выразалку". Сыну таксама ў падарунак такую паласатую майку – цяльняжку".
Як высветлілася, беларусы часта дасылаюць вопратку на Захад, бо... там такой няма.
"Дасылаю тое, што яны прасілі з беларускай вопраткі, – распавядае наступная ў чарзе дзяўчына, якая дасылае ў ЗША падарункі двум сёстрам. – У мяне сястра любіць нашы даўгія маечкі, а там такіх няма. Ну, і цукеркі, падарункі дзецям, карацей, нічога асаблівага".
Перад святамі, натуральна, самы часты кампанент пасылак – цукеркі.
"Дасылаем дзіцячыя цацкі, цукеркі, каб было што дзецям пад ёлку пакласці ад сваякоў, – кажа жанчына, якая афармляе пасылку ў Мюнхен.
Яе падтрымлівае дзяўчына побач, якая пакуе падарункі свайму каханаму:
“Я дасылаю свайму маладому чалавеку ў Германію набор ручнікоў, нашых, рэчыцкіх. Мне падабаецца, што яны з натуральнага матэрыялу. А таксама шакалад "Камунарка", набор паштовак і статуэтку анёльчыка".
Таксама цукеркі, толькі ўжо еўрапейскія, дасылае яшчэ адна дзяўчына ў Туніс. Следам жанчына загортвае ванны дыванок беларускай вытворчасці, які збіраецца паслаць ў вёску Навасёлкі Віцебскага раёна. Далей клапатлівая маці высылае дачцэ ў Ірландыю... два пачкі Ліптана ў пакеціках.
"У кожнага за мяжой ёсць сваякі, адпаведна ўсё тое, што ім трэба першай неабходнасці, ім і дасылаюць – вопратку, абутак, кнігі, сувеніры, цукеркі, – узгадвае рэдкія або нечаканыя пасылкі адміністратар паштампта. – Нічога незвычайнага няма. Карціны пасылаюць, нават дываны. У асноўным уся прадукцыя беларускай вытворчасці".
Варта дадаць, што напярэдадні святаў чэргі на галоўнай пошце сталіцы не вельмі вялікія – дзесьці тры чалавекі да кожнага акенца. Але афармленне пасылкі займае досыць шмат часу, таму людзей на паштампце менш не становіцца.