Беларусы гарэлку і цыгарэты не скупляюць
З 1 лістапада самая танная гарэлка даражэе амаль на 3 тысячы, а квартплата — на дзве бутэлькі гарэлкі.
Адпускная цана самай таннай гарэлкі брэсцкага разліву — 10 800 рублёў. Пры павелічэнні ставак па акцызах на траціну кошт падвысіцца ў сярэднім да 13 200 рублёў.
Аднак у сталічных крамах гарэлка пакуль па старых цэнах, бо яшчэ не прадалі старыя пастаўкі. Беларусы больш не закупляюцца. Можа, таму, што гэты моцны напой даражэе занадта часта?
Вялікага ажыятажу вакол алкагольных напояў ва ўніверсаме “Радзівілаўскім” не заўважаюць.
“Інфармацыя пайшла па радыё і тэлебачанні. Так, крыху больш людзей было, але не нашмат”.
За дзень да абвешчанага падаражэння людзей было не больш чым у 1,5 разы за звычайную плынь наведвальнікаў, заўважаюць у краме. Гісторыя з расхопліваннем цукру, алею ды гарэлкі не паўтарылася.
А на заводах ужо пачалі прадаваць саракаградусны напой па новых коштах. Праўда, з самімі коштамі яшчэ не вызначыліся.
“Акцыз падаражэў нашмат, але разлікі мы яшчэ робім, яшчэ не ўсё зрабілі”, — гавораць на мінскім заводзе “Крышталь”. Тым часам на Віцебскім лікёра-гарэлачным заводзе алкагольныя напоі падаражэюць на... траціну.
У тытунёвай кампаніі “Табак-Інвест” пакуль не агучваюць новыя кошты на цыгарэты.
“Кошты на акцызы падвышаюцца адным дакументам, кошты на цыгарэты — іншым. Другога дакумента я пакуль не бачыла”, — гаворыць супрацоўніца “Табак-Інвест”.
Пытаемся ў разліковым цэнтры ад ЖКГ, наколькі падаражэе ўтрыманне двухпакаёвай кватэры, дзе жыве тры чалавекі. З верасня паднялася аплата, а цяпер дадалося ацяпленне.
“У гэтым месяцы ацяпленне яшчэ, тысяч на 30 будзе больш”.
Прыгарадныя аўтобусы цяпер каштуюць больш: кожны кіламетр — 220 рублёў. А калі паехаць, да прыкладу, да Лагойска, то гэта даражэй на 2-4 тысячы…
“Да 9 тысяч. Дзевяць — гэта калі прамыя Мінск—Лагойск. А раней каштавалі 5-7 тысяч”, — адказвае дыспетчарка ў інфармацыйнай службе аўтавакзалу.
У аптэках пакуль пра падаражэнне медыкаментаў таксама не кажуць. У 34-й сталічнай аптэцы здзіўляюцца: маўляў, ніякіх распараджэнняў не было, ажыятажу вакол прэпаратаў аптэкарка таксама не заўважыла.
У лістападзе і velcom падымае кошты на паслугі сувязі на 15%. Праўда, не з пачатку месяца. Відаць, каб людзі звыкліся з іншымі падаражэннямі.
“На 15% паслугі сувязі будуць павялічаныя з 30 лістапада, гэта цалкам усе тарыфы”.
Гэта, дарэчы, ужо трэцяе падаражэнне за год. Апошні раз тарыфы паднялі ў кастрычніку, на 7%.
Пакуль без першалістападаўскага падаражання, на 1 кастрычніка інфляцыя склала 74,5%.
Фота: bymedia.net