Беларускі спорт у 2011 годзе: у нас замена!

111229 Sviardlou Sport.mp3

Пачнём з апошніх: галоўныя трэнеры змяніліся адразу ў трох нацыянальных зборных: футбольнай, хакейнай, і баскетбольнай.

Заўсёднае пытанне: ці запрашаць “на царства” замежных трэнераў – гэтым разам было вырашана вельмі своеасабліва: у футболе замежнага спецыяліста памянялі на айчыннага, а ў хакеі – наадварот, айчыннага на замежнага! Але пра ўсіх па парадку.

Са снежня 2011 года беларускімі футбалістамі кіруе Георгій Кандрацьеў. Спецыяліста чакае нялёгкі год: “дарослых” спартоўцаў ён будзе трэніраваць адначасова з юнакамі, якія прайшлі на Алімпіяду ў Лондане. Задача, што стаіць перад Кандрацьевым, тым больш складаная, што ўсмешлівы немец Бернд Штанге, які ўзначальваў нацыянальную зборную папярэднія 4,5 гады, пакінуў яе Кандрацьеву не ў лепшым стане.

Бернд Штанге: "Для гэтай краіны патрэбны трэнер з агнём у сэрцы і верай у тое, што можна дамагчыся немагчымага, – сказаў Штанге наконт свайго меркаванага пераемніка. – Іспанія і Францыя [сапернікі беларускай зборнай па групе ў адборы чэмпіянату свету. – Заўв. Еўрарадыё] – гэта амаль немагчымае!"

Большага сёлета чакалі не толькі ад Штанге, але і ад БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў. Але барысаўскі клуб не здолеў перамагчы “Вікторыю” з Пльзені і праляцеў міма Лігі Еўропы.

“Недаказанасць засталася ад Лігі чэмпіёнаў. Усё ж такі я камандзе казаў, што трэба там хаця б адну перамогу здабыць. А ў нас гэта не атрымалася. 12 матчаў без перамог… Складана гэта перажыць”, — падзяліўся эмоцыямі галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка. Хаця пасля нічыёй з “Міланам” складана яго ў чым-небудзь папракнуць.

З хакеем у 2011 годзе ўсё было яшчэ складаней. На чэмпіянаце свету зборная Беларусі ледзь не згубіла месца ў мацнейшай групе, а ў сусветным рэйтынгу скацілася на 11 месца. Гэты вынік стаў прысудам для Эдуарда Занкаўца. На яго месца прыйшоў фін Кары Хейкіля:

“Кантракт падпісаны да чэмпіянату свету 2014 года [які, як пакуль што дамоўлена, пройдзе ў Беларусі. — Заўв. Еўрарадыё] уключна. Цягам 16 месяцаў ні Кары, ні асацыяцыя не мае права скасаваць гэтую дамову. Мы даем гарантыі. Але на кожным этапе мы вызначылі неабходныя вынікі. Дастаткова высокія. На ўсіх чэмпіянатах свету мы абавязкова мусім быць у васьмёрцы. І Кары разумее важнасць гэтай працы”, — пракаментаваў новае прызначэнне старшыня Федэрацыі хакея Яўген Ворсін.

Пакуль бадзёры фін запомніўся нечакана буйнымі паразамі зборнай на Кубку Палесся ад Даніі і Нарвегіі, а таксама голам нашых у свае ж вароты праз усю пляцоўку.

Падаў у адстаўку трэнер жаночай зборнай па баскетболе Анатоль Буяльскі. Яго месца пакуль што застаецца вольным.

Якімі яшчэ спартовымі падзеямі запомніцца беларусам 2011 год?

У авіякатастрофе загінуў капітан зборнай Беларусі па хакеі Руслан Салей. Яму было 36 гадоў. У памяць пра Салея на “Кубку Аўстрыі” зборная Беларусі гуляла без капітана, з трыма асістэнтамі.

Плыўчыха Аляксандра Герасіменя выйграла “золата” чэмпіянату свету на самай прэстыжнай дыстанцыі — 100 метраў вольным стылем. Яе ж прызналі лепшай спартсменкай Беларусі.

Пад канец года сваімі вынікамі нас парадавала біятланістка Дар’я Домрачава.

Тэнісістка Вікторыя Азаранка закончыла год у статусе трэцяй ракеткі свету. Не згасае і зорка Макса Мірнага: у пары з Даніэлем Нестарам 34-гадовы беларус выйграў сёлета выніковы турнір ATP.