“Мяса-малочныя” перамовы з Украінай праходзяць за зачыненымі дзвярыма

Як паведамілі Еўрарадыё ў Дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службе Украіны, бакі дамовіліся не каментаваць сітуацыю для СМІ.

“Піваварчык з членамі гэтай дэлегацыі сядзяць з 9 раніцы. Яшчэ не выходзілі. Ён жа прыехаў учора вечарам. Сёння сядзяць з інспектарамі, з намеснікам кіраўніка Дзяржаўнай ветфітаслужбы Гаржэевым. Нікога да сябе не пускаюць, пераціраюць нешта”, — паведаміў прэс-сакратар Анатоль Асадчы.

Украінская дэлегацыя вярнулася з Беларусі на мінулым тыдні. У нашай краіне яна інспектавала вытворчасць малака і свініны.

Дарэчы, Юрый Піваварчык ужо не першы раз ездзіць у Кіеў. Першы яго візіт скончыўся нічым.

“Былі пагрозы і ўсё. Маўляў, калі вы не адкрыеце нас да панядзелка, то мы закрыем пэўныя віды вашай прадукцыі. Вось вы адкрыйце, а мы потым будзем працаваць, разбірацца. Адкрыйце да панядзелка, альбо іначай у 15 гадзін у панядзелак Беларусь перакрые Украіне пастаўкі сланечнікавага алею, солі, шроту, кукурузы і кандытарскіх вырабаў”, – расказвае Еўрарадыё прэс-сакратар Дзяржаўнай ветслужбы Украіны  пра першы візіт беларускіх калег у Кіеў.

Экспарт беларускай свініны і малака ва Украіну быў спынены на пачатку сакавіка. Украінскі бок заявіў, што беларускае малако ўтрымлівае завялікую колькасць антыбіётыкаў. У сваю чаргу экспарт свініны быў спынены ў сувязі з вучэннямі беларускіх ветэрынараў у вёсцы Нязнанава. Там за некалькі дзён было знішчанае ўсё пагалоўе свіней. Украіна так і не атрымала ўцямнага адказу, навошта гэта было зроблена і праз падазрэнне эпідэміі спыніла ўвоз свініны з Беларусі.

Фота: totadiets.ru