Беларусь прамяняла сваю прамысловасць на адмену экспартных пошлін на нафту?

9 снежня прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі падпісалі тры апошнія дамовы па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Калі Мінск ратыфікуе іх да Новага года, Масква з 1 студзеня 2011 адменіць экспартныя пошліны на нафту. Уплывовая расійская газета "КоммерсантЪ" піша, што ў выніку "Расія будзе субсідаваць беларускія НПЗ на $2 млрд. за год", але дадае меркаванне міністра эканомікі РФ: "у сярэднетэрміновай перспектыве Расія набудзе больш, чым згубіць у кароткатэрміновай".

"Калі ўжо нашыя эканамісты пагадзіліся на такі стан спраў, дык я ўпэўнены: ніякай сур'ёзнай шкоды расійская эканоміка не пацерпіць,
 — упэўнены прэзідэнт Саюза нафтагазапрамыслоўцаў Расіі Генадзь Шмаль— Я думаю, што ў бізнэсе, у адрозненне ад прэферанса, мусіць быць такая сітуацыя, каб усе выйгравалі".

Беларускія эксперты ў ацэнках "субсідавання" нашай эканомікі вялікім братам з усходу менш аптымістычныя. Пасля ратыфікацыі апошніх пагадненняў мы не толькі не набудзем, але і істотна страцім, мяркуюць яны. Называецца і кошт АЭП для Беларусі: 4 мільярды долараў.

"Кожная інтэграцыйная сістэма вядзе да таго, што прадпрыемствы з нізкай дададзенай вартасцю будуць разарацца. А ў Беларусі такіх прадпрыемстваў вельмі шмат: гэта і частка машынабудавання, і станкабудаванне, і лёгкая прамысловасць. Буйны расійскі бізнэс вырабляе прадукцыю з ніжэйшымі выдаткамі", — кажа кіраўнікбеларускага аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка.

Вось яна, "сярэднетэрміновая" перспектыва, у якой выйграе расійская эканоміка?

"На новай інтэграцыйнай прасторы адсякаюцца і трапляюць у сектар, які знішчаецца, галіны прамысловасці малых краінаў. Яны звычайна не могуць канкураваць... Напрыклад, лёгкая прамысловасць Беларусі і Расіі. Там прадпрыемствы на парадак магутнейшыя. Да таго ж, яшчэ і прыватныя", — працягвае Леанід Фёдаравіч.

"Калі паглядзець на сусветны досвед, дык часта малыя прадпрыемствы з'яўляюцца цалкам канкурэнтназдольнымі на сусветным рынку",
 — пярэчыць гэтаму меркаванню Генадзь Шмаль

Сапраўды, пазіцыі тых беларускіх прадпрыемстваў, якія і зараз складаюць канкурэнцыю гігантам сусветнага рынку, пасля ўваходу ў АЭП пагоршацца наўрад ці. Але што будзе з датацыйнай прамысловасцю і сельскай гаспадаркай, якая складае значную частку беларускай эканомікі? Леанід Заіка звяртае ўвагу на тое, што за нафтавымі "разборкамі" з Расіяй мы забыліся на ўсё астатняе!

Леанід Заіка: "Уся краіна праз высілкі Аляксандра Лукашэнкі займаецца не сваёй справай. Дастаткова 5-6 кампаній, каб у прыватным парадку вырашаць пытанні нафты. А тое, як мы ўсе абмяркоўваем, што ад палкоўніка завязем 200 танкераў нафты, ды ад падпалкоўніка Пуціна 15 мільёнаў тон... Што тут лічыць? Эльвіра Набіуліна [міністр эканамічнага развіцця РФ. — Заўв. ЕРБ] заявіла, што Беларусь атрымае пазітыўных экстэрналіяў (гэта я ўжо на эканамічную мову перакладаю) на 4 мільярды долараў. Але гэта тое самае, што сказаць: мы вам танней наркотцкі прадамо! Больш танная нафта і газ — гэта ўсё роўна, што наркотык атрымліваць па ніжэйшых коштах..."

Наркотык для эканомікі вельмі хутка ператвараецца ў наркотык для грамадскай думкі. А выйгрыш 2 мільярдаў долараў — у пройгрыш $4 млрд. Хаця і выглядаюць пагадненні, заключаныя 9 снежня, безумоўна выгаднымі для Беларусі, але як бы нам усім не давялося пашкадаваць пра іх падпісанне. Пасля выбараў.