БДУ: Прахадны бал на 80% гуманітарных спецыяльнасцяў вышэй, чым летась
Прахадны бал для праграмістаў у БДУІР вышэйшы, чым у БДУ. А будучыя дыпламаты, якія недабралі балаў да ФМА БДУ, маглі б пайсці ў Эканамічны ўніверсітэт.
Папярэдні прахадны бал на спецыяльнасць “мэнэджмент і сусветная эканоміка” факультэта міжнародных адносінаў БДУ — больш за 350. Някісла! У БДЭУ на "сусветную эканоміку" таксама ідуць выдатнікі.
“Там бал вышэй за 300. Там ёсць сельскія жыхары, якія прыйшлі з вынікам 390 балаў па тэставанні. Наогул сёлета ў вяскоўцаў лепш вынікі”, — распавядаюць у БДЭУ.
Пагналі нашы гарадскіх! Але ў БДУ прахадны ўсё ж вышэй. Там Еўрарадыё хваляцца, што сёлета іх абітурыенты надта разумныя!
“Сёлета больш выпускнікоў-ліцэістаў. Больш тых, хто набраў 300 балаў і вышэй. У прыватнасці, па гуманітарных спецыяльнасцях балы дакладна будуць вышэйшыя за леташнія на 80% спецыяльнасцях”, — распавядае адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў.
Каб трапіць на факультэт інфармацыйных тэхналогій і ўпраўлення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, трэба набраць каля 300 балаў.
“Гэтыя спецыяльнасці — каля 300 балаў. На адны спецыяльнасці там 301, на іншыя — 299. У апошнія дні дакументы ад нас не забіралі, не перакідвалі”, — кажуць у прыёмнай камісіі БДУІР.
А на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта прахадны менш за 300.
“Дакладна сказаць не магу, але стоадсоткава менш за 300 балаў”, — адказваюць у прыёмнай камісіі гэтай ВНУ.
Ніжэй за 300 і прахадны бал у БДУ на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Каб сёлета паступіць туды, трэба набраць 276 балаў.
З-за падабенства спецыяльнасцяў будучыя праграмісты, нават з вялікімі баламі, выбіралі альма-матэр да апошняга. Шукалі, дзе больш выгадна.
“Я доўга вагаўся, вызначыўся, толькі калі здаў тэставанне. Абіраў між факультэтамі”, — распавядае Андрэй. Ён "настраляў" 354 балы: прайшоў бы і ў БНТУ, і ў БДУ, і ў БДУІР.
Дзіўна, што прыкладныя прахадныя балы, якія з’явіліся 25 ліпеня на сайтах амаль усіх ВНУ, цяпер зніклі.
Фота: grodnonews.by