Аўтамабіль на мяжы могуць канфіскаваць нават за адзін лішні пачак цыгарэт
Калі цыгарэты знойдуць у адмысловай схованцы, а не проста ў салоне.
“Гаспадар гэтай машыны зрабіў з дапамогай зварачных прац, свідравальных прац нейкія дадатковыя схованкі, куды і схаваў гэтыя пачкі цыгарэт”, — расказалі Еўрарадыё ў брэсцкай мытні, якая на мінулым тыдні знайшла ў машыне паляка 50 пачак беларускіх цыгарэт. Забралі і цыгарэты, і “Фольксваген Пасат” 1994 года выпуску, у якім кантрабандыст перавозіў цыгарэты. Цяпер небарака чакае суда, які вырашыць, што рабіць з яго маёмасцю.
Машыны забіраюць далёка не заўсёды. Можна везці і тысячу пачак цыгарэт, а ў выніку застацца з аўтамабілем. Розніца ў спосабах перавозкі кантрабанды. Памежнікі расказваюць, што калі нелегальны тавар проста схаваны ў нішах машыны, то забяруць толькі кантрабанду. А калі для тавара зробленая адмысловая схованка, машыну суд канфіскуе нават за адзін лішні пачак.
“Больш за два пачкі калі будуць схаваныя ў сядушках, пластыкавай абшыўцы, калёсах, столевай прасторы, дзе бак — аўтамабіль не канфіскоўваецца. Але тавар канфіскоўваецца. А калі недзе наварана другое днішча, даварана недзе пласціна там, дзе ставяцца аптэчкі, у багажным аддзяленні, калі нейкае дадатковае абсталяванне — гэта схованка. Аўтамабіль у такім выпадку судом — не мытняй, не памежнікамі, а судом, рашэннем суда — у 99% выпадкаў канфіскоўваецца”.
Нягледзячы на пагрозу застацца без машыны, рызыкоўных кантрабандыстаў шмат, і затрымліваюць іх на мяжы рэгулярна.
“Такія рызыкоўныя людзі ў нас, на жаль, не пераводзяцца”
Забіраюць машыны не толькі ў кантрабандыстаў. Без аўто могуць застацца ўсе, хто выкарыстоўвае яго ў якасці сродку для парушэння заканадаўства. У першую чаргу гэта нелегальныя таксісты.
“У грамадзян могуць канфіскаваць толькі ў тых, хто нелегальна за грошы возіць людзей. Канфіскоўваецца сродак парушэння. Калі ён удзельнічаў у парушэнні заканадаўства — тады так”, — расказваюць Еўрарадыё ў Міністэрстве па падатках і зборах.
Канфіскоўваюць машыны не толькі ў “бамбілаў”. Нядаўна ў жыхара сталіцы забралі аўтамабіль толькі таму, што ён з яго гандляваў сельскагаспадарчай прадукцыяй, паведамляе агенцтва “Мінск-навіны”.