Асамблея НДА просіць, каб Еўрасаюз не дапамагаў пераследу праваабаронцаў
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з затрыманнем праваабаронца Алеся Бяляцкага.
Асамблея лічыць, што пераслед лідэра Праваабарончага цэнтру "Вясна" Бяляцкага — дэманстрацыйная акцыя, скіраваная на запалохванне і знішчэнне беларускага праваабарончага руху.
Арганізацыя патрабуе ад дзяржавы вызваліць Бяляцкага і спыніць справу супраць яго. Таксама яна заклікае да салідарнасці з праваабаронцамі і просіць міжнародную супольнасць ужыць усе магчымыя палітычныя і прававыя захады для прыпынення атакі на праваабаронцаў у Беларусі.
Асобна Асамблея НДА звяртаецца да дзяржаваў Еўрасаюзу і просіць устрымацца ад дзеянняў, якія спрыяюць рэпрэсіўным органам беларускай дзяржавы ў іх супрацьпраўным і палітычна матываваным ціску на праваабаронцаў.