Арыштаванаму Яўгену Контушу адмовілі ў перадачы лекаў на Акрэсціна

Удзельнік акцыі пратэсту супраць рашэння Дэпартаменту выканання пакаранняў  МУС пра закрыццё адзінай бальніцы для зняволеных, нацыянал-бальшавік Яўген Контуш быў змешчаны ў спецпрыёмнік ГУУС Мінгарвыканкама на Акрэсціна ў цяжкім стане з высокай тэмпературай. Суд прысудзіў лідэра беларускіх нацболаў да 12 сутак арышту. Пры сабе Яўген Контуш меў бальнічны ліст з дыягназам "ангіна", а ў гэты дзень збіраўся на прыём да ўрача, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Пад час прыёму перадач раніцай 2 красавіка дзяжурныя супрацоўнікі спецпрыёмніка адмовіліся прыняць ад нацболаў лекі, у тым ліку антыбіётыкі, выпісаныя лекарам Яўгену. Матывавалася гэтая адмова адсутнасцю ўрача. Пра гэта паведамляе сайт Беларускіх нацыянал-бальшавікоў.