Аптэка: “Ну вось “Прастамол”: быў 69 тысяч, сёння атрымалі па 114”

“Ну вось той жа “Прастамол”. Быў у нас па 69 тысяч, стаў, вось сёння атрымалі, 114. З пачатку года быў 27, напэўна. Разоў у пяць падаражаў. 27 быў, потым 34, напэўна, потым пайшоў па 41 тысячы”, — расказваюць карэспандэнту Еўрарадыё ў адной з мінскіх аптэк.
Лекі па новых коштах з’явяцца ў аптэках адразу пасля таго, як будуць раскупленыя старыя. У адным з буйнейшых аптовых пастаўшчыкоў, кампаніі “Інтэрфармакс”, Еўрарадыё расказваюць, што пакуль у сетцы каля 90% лекаў яшчэ са старых закупак. Новыя кошты з’яўляюцца паступова, разам з новымі партыямі тавару. Лекі даражэюць у 2-3 разы.
“Новыя партыі пойдуць — і аўтаматычна будуць новыя кошты. Усё прывязана да курса еўра. Наколькі еўра вырас — лічыце. Ніхто ж не будзе набываць тавары па 12 тысяч, а прадаваць па чатыры. Глядзіце, стары кошт на нешта быў 5 тысяч, бо еўра быў 4, а новы будзе 13 тысяч. А гэтаксама калі нешта каштавала 120 тысяч, то яно будзе ў два разы даражэй. Еўра вырас у 2-3 разы — на столькі ж і кошт вырасце”.
Падаражання аптэкары чакаюць з такой жа насцярожанасцю, як і пакупнікі. Фармацэўтам ужо страшна называць людзям кошты.
“Мы не чакаем. Нам не хочацца яго. Страшна людзям называць кошты. Глядзіце: “Віагра” — з 200 стала 500 тысяч. Ужо пакупнікі пытаюць: гэта нумар тэлефона напісаны альбо кошт?”

Кошты на беларускія таблеткі таксама растуць. Фармацэўты тлумачаць гэта тым, што аснову для вытворчасці айчыннага “Анальгіну” і “Парацэтамолу” ўсё адно экспартуюць з-за мяжы.
“Беларускія таксама падняліся. Спачатку беларускія хутчэй адрэагавалі. Субстанцыі ж усе імпартныя закупляюцца. Напрыклад, той жа “Мінскінтэркапс” (вытворца — Еўрарадыё), ён адразу адрэагаваў. У іх адразу падняліся кошты. Той жа рыбін тлушч быў 4500, а цяпер — 12950. Ізноў-такі ў тры разы”.
"Спазмалгон" па новым кошце. Стары быў каля 16 тысяч.

Аптэкары гавораць, што беларусы спрабуюць замест "Віагры" беларускі аналаг. Бо той каштуе ў 15 разоў менш!
“Вы ведаеце, пераходзяць. Мужчыны пераходзяць. Калі “Віагра” 460 тысяч, а наш яшчэ прэпарат каля 30 тысяч, то спрабуюць замяніць. Не ведаю, наколькі гэта эфектыўна, але замену спрабуюць зрабіць”.

У аптэках не бяруцца гаварыць, якой будзе рэакцыя пакупнікоў. Маўляў, мінулае падаражанне народ перажыў, а што будзе з новым — ніхто не ведае.
“Вось гэта выкупяць па старым кошце і альбо людзі прывыкнуць, альбо невядома што будзе. Ну, так у чэрвені было. Таксама спачатку быў шок, калі кошты падскочылі. А потым людзі прывыклі. Цяпер ужо чэрвеньскія кошты для іх — гэта свята”.

Фармацэўты расказваюць, што даходзіць нават да крыку і абурэнняў.