Анатолю Лябедзьку забаранілі выезд за мяжу (абноўлена)

“Я спрабаваў прайсці пешшу “Каменны Лог”. Спачатку заўважыў здзіўленне на твары дзяўчыны, якая правярала ў камп'ютары. Потым мой пашпарт забралі і панеслі. Недзе 20 хвілін я чакаў. Потым да мяне выйшаў афіцэр, апусціў вочы долу і патлумачыў, што выпусціць яны мяне не могуць, бо камп'ютар выдае інфармацыю, што мне забаронены выезд. З якой нагоды, сказалі, што тлумачыць не могуць”, — расказвае Еўрарадыё Анатоль Лябедзька.


Лідару АГП нават не паставілі штамп у пашпарт аб забароне на выезд. Ён гаворыць, што такое з ім адбываецца ўпершыню. Раней, прынамсі, тлумачылі, чаму не выпускаюць. У Вільні Анатоль Лябедзька планаваў правесці шэраг працоўных сустрэч.

У Дзяржаўным памежным камітэце Еўрарадыё таксама не змагло даведацца прычын абмежаванняў на выезд з Беларусі для Лябедзькі. Прэс-сакратар камітэта Аляксандр Цішчанка расказвае, што інфармацыя аб гэтым канфідэнцыяльная і аб прычынах на забарону пакідаць межы Беларусі могуць расказаць толькі самому лідару АГП. 

“Тое, што датычыць абмежаванняў, то Лябедзька мае права звярнуцца ў Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі і высветліць усе гэтыя пытанні. Ён мае права і яны абавязаныя яму адказаць. Гэтая інфармацыя канфедыцыяльная, яна датычыць толькі яго. Таму калі ён захоча і далей даваць нейкую інфармацыю, то ён сам пра гэта і раскажа”.

Нагадаем, што пасля пашырэння колькасці беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, пашырыліся чуткі аб стварэнні спісу невыязных з Беларусі апазіцыянераў і грамадскіх дзеячаў. У ім, нібыта, ажно 108 чалавек. Анатоль Лябедзька стаў першым лідарам апазіцыі, які сутыкнуўся з такой праблемай пасля пашырэння санкцый ЕС.