Аляксандра Фядуту не пусцілі на навуковую канферэнцыю ў Літву
Філолагу і палітолагу Аляксандра Фядуту, асуджанаму па справе 19 снежня, забаронены выезд у Літву на навуковую канферэнцыю.
Фядута павінен быў выехаць 7 чэрвеня, аднак суддзя забараніла выезд за мяжу. Пра гэта Аляксандр Фядута паведаміў у эфіры Еўрарадыё.
Фядута: “Я вельмі хацеў туды трапіць, бо, як вы самі разумееце, падзеі апошніх 6 месяцаў значна мяне затармазілі на шляху да мэты – да абароны доктарскай дысертацыі. і я спадзяваўся, што здолею праверыць, у якой я навуковай форме, напісаў адмыслова лекцыю. Але, на жаль, Фрунзенскі раённы суд адмовіў мне, бо шэраг маіх калег, якія шлі па справе 19 снежня, падалі свае касацыйныя скаргі. Такім чынам, апынулася, што усе мы знаходзімся пад падпіскай аб нявыездзе. Мы закладнікі касацыйных скарг. Я спадзяваўся, што мне ўсе ж дазволяць выехаць. Не дазволілі”.
Аляксандр Фядута быў запрошаны на навуковы семінар, які пройдзе пад эгідай Еўрапейскай Камісіі ў Вільні (арганізатары - Інстытут літоўскай мовы і Асацыяцыя даследаванняў еўрапейскай культуры). Прысвечаны культурнай спадчыне Вялікага Княства Літоўскага.