Аляксандр Ярашук: Ідзе, нарастае дэградацыя кіраўнікоў
Дырэктар аднаго з мінскіх прадпрыемстваў выцер запэцканыя машынным алеем рукі аб кашулі сваіх падначаленых. Здарэнне каментуе кіраўнік незалежных прафсаюзаў.
Дырэктар аднаго з буйных сталічных прадпрыемстваў выцер запэцканыя машынным алеем рукі аб белыя кашулі сваіх падначаленых. Гэты выпадак адбыўся яшчэ 26 ліпеня. Як інфармуе сайт bkdp.org, дырэктар падыйшоў да аднаго са станкоў, на якім былі алейныя плямы, правёў па ім рукой, а пасля выцер яе аб кашулю начальніка цэха, а пасля і яго намесніка. Каб спраўдзіць гэтую інфармацыю, Еўрарадыё паразмаўляла з кіраўніком Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком.
Еўрарадыё: Спадар Аляксандр, сапраўды такое было?
Ярашук: “Так, я ведаю пра гэты факт. Мяне інфармавалі людзі, якія там працуюць. Яны гэта дакладна назіралі, бачылі і, канешне, акрамя прыкрасці гэта нічога не выклікае, бо такім чынам абражаць людзей - гэта пераходзіць усе межы”.
Еўрарадыё: Ці гэта сведчанне таго, што ёсьць такая тэндэнцыя стаўлення да падначаленых, ці проста асобны выпадак?
Ярашук: “Гэта сведчыць, па-першае, наогул пра стан, у якім апынуліся беларускія працоўныя. Гэта стан тых, каго не лічаць за людзей, каго лічаць рабамі. Па-другое, гэта сведчыць пра тое, што ўвесь гэты час ішла, нарастала дэградацыя кіраўнікоў рознага ўзроўню. Гэта, з майго пункту гледжання, самая вялікая пагроза, бо пераадольваць такія рэчы, нават пасля таго, як наступяць перамены, будзе вельмі цяжка”.
Еўрарадыё: А ці здаралася нешта падобнае на іншых прадпрыемствах, ці караюць вінаватых?
Ярашук: “Я магу гаварыць, што многа чаго зараз мае месца, але людзі маўчаць, бо сістэма кароткатэрміновых кантрактаў і страх, які пануе ў рабочых, проста прымушае іх маўчаць. Гэта не асуджаецца. Гэта той спосаб, якім павышаецца, з пункту гледжання дзейнай улады, працоўная дэсцыпліна і наводзіцца парадак. У дадзеным выпадку, канешне, могуць недзе пры ўсіх публічна гаварыць, што гэтым не трэба займацца, што гэта недапушчальна, але гэта не асуджаецца наогул”.
Еўрарадыё: Ці ёсць шанцы, калі гэтыя працоўныя звернуцца ў суд, нечага дамагчыся?
Ярашук: “Нават тыя людзі, якія мне распавядалі, умовай ставілі тое, што я на іх не спасылаюся. Там ні ў кога ў галаве не было звяртацца ў суд. Калі б яны звярнуліся ў суд, нічога з гэтага для іх добрага не атрымалася б”.
Фота — bymedia.net