Алесь Бяляцкі абскарджвае папярэджанне Генпракуратуры ў судзе

Старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі будзе абскарджваць афіцыйнае пісьмовае папярэджанне Генеральнай Пракуратуры аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, вынесенае яму 16 лютага. Адпаведная скарга накіраваная ў суд Цэнтральнага раёна Мінска.

Па меркаванні Генеральнай пракуратуры дзеянні Бяляцкага ад імя правабарончай арганізацыі "Вясна", якая не прайшла ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Бяляцкі лічыць, што Генпракуратура  парушыла ягоныя канстытуцыйныя правы.

Улічваючы, што ў папярэджанні не было прыведзена ніводнага аргумента чаму праваабаронца  не мае права ажыцяўляць праваабарончую дзейнасць ад імя Праваабарончага цэнтру "Вясна" і чым такая дзейнасць наносіць шкоду нацыянальнай бяспецы ці грамадзкаму парадку, правам і свабодам іншых асобаў, ён абскардзіў гэтае папярэджаньне на імя Генеральнага пракурора, аднак скарга не была задаволена, а папярэджанне не адменена.

"Мы  звяртаемся ў суд не таму, што маем нейкія ілюзіі наконт яго станоўчага рашэння, а дзеля таго каб выканаць усе неабходныя працэдуры на ўзроўні краіны, а затым звярнуцца са скаргаю ў Камітэт па правах чалавека ААН. Беларускія ўлады ведаюць, што гэты Камітэт яшчэ ў 2007 годзе рэкамендаваў ураду Беларусі аднавіць дзейнасьць “Вясны”, прызнаўшы яе ліквідацыю незаконнай", - распавёў Бяляцкі, паведамляе "Вясна".