Актывіст з Гомеля абскардзіць незаконнае рашэнне суда
Гомельскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых 29 сакавіка звярнуўся ў Гомельскі абласны суд са скаргай на вырак суда Чыгуначнага раёна.
У скарзе ён паведамляе, што не парушаў грамадскі парадак і рашэнне аб пакаранні яго адміністратыўным арыштам было незаконным.
Нагадаем, каля 6 гадзін раніцы 25 сакавіка Уладзімір Няпомняшчых быў затрыманы супрацоўнікамі спецназа на прыпынку грамадскага транспарта. Яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы, суд прызнаў факт "дробнага хуліганства" і пакараў гамельчука арыштам тэрмінам на двое сутак.
У ліку прэтэнзій да такой праявы правасуддзя актывіст называе і адмову ў прызначэнні псіхіятрычнай экспертызы. "Хіба магчыма, каб нармальны чалавек, прыстойна апрануты, з багажом і з квітком на цягнік, раптам пачаў беспадстаўна крычаць на вуліцы, размахваць рукамі і брудна лаяцца? Таму я прасіў прызначыць мне экспертызу", — патлумачыў Няпомняшчых.
У сваёй скарзе ён патрабуе праверыць законнасць рашэння суда Чыгуначнага раёна Гомеля і спыніць справу аб прыцягненні яго да адміністратыўнай адказнасці, паведамляе "Праваабарончая хроніка".