Афіцыйны Саюз палякаў — без Польшчы і без старшыні

120113 Luka6uk SP.mp3

Прадпрымальнік Станіслаў Сямашка вырашыў пакінуць пасаду старшыні афіцыйнага Саюза палякаў Беларусі. Гэта сваё жаданне ён пацвердзіў Еўрарадыё.


Станіслаў Сямашка: “У нас грамадскае аб’яднанне, якое жыве свабодна і пытанні наконт старшыні вырашае свабодна. Таму — я вырашыў сысці”.


І адмовіўся ад далейшых каментароў. Але па словах яго намесніка Мечыслава Лысага, на 14 студзеня прызначана пасяджэнне Галоўнага савета гэтага грамадскага аб’яднання, на якім будзе вырашацца пытанне з заявай Сямашкі аб сыходзе.


Мечыслаў Лысы: “У Гродне адбудзецца пасяджэнне Галоўнага савета. Там будуць вырашацца пытанні: найперш — прыняць нейкае рашэнне наконт пададзенай заявы. Калі гэтая заява будзе задаволеная — прызначыць выканаўцам абавязкаў кагосьці з намеснікаў. Калі яны дадуць на гэта згоду. І, відавочна, пытанне па з’ездзе будзе стаяць”.


Як адзначае намеснік старшыні Саюза палякаў, у сваёй заяве Сямашка патлумачыў жаданне пакінуць пасаду кіраўніка сямейнымі абставінамі. Маўляў, не хапае часу на тое, каб займацца бізнэсам. Нагадаю, прадпрымальнік Станіслаў Сямашка з’яўляецца заснавальнікам праектнай кампаніі і гандлёва-гатэльнага комплекса “Сямашка”.


Але, паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Саюза палякаў няма чым плаціць за арэнду офісаў і памяшканняў. Гэтая інфармацыя выклікала здзіўленне ў Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі.


Леанід Гуляка: “Офісы яны ўтрымліваюць за самую мінімальную плату. Па хадайніцтве нашым і згодна з рашэннем спецыяльнай камісіі пры Упраўленні справамі прэзідэнта яны плацяць усяго 0,1% за гэтыя офісы. А гэта — практычна нічога!”


Да таго ж, дзяржава выдаткоўвае грошы на пашыў нацыянальных касцюмаў для калектываў народнай творчасці і выданне газет ды часопісаў.


Леанід Гуляка: “За кошт дзяржавы касцюмы шыем. Газеты, часопісы і яўрэям, і ўкраінцам, і палякам іх нацыянальную перыёдыку мы дапамагаем выдаваць”.


Вось толькі Мечыслаў Лысы пераконвае: фінансавыя праблемы ў Саюза сапраўды ёсць, і немалыя.


Мечыслаў Лысы: “Ёсць запазычанасць за газету — яна ў нас стратная, па заробку ёсць запазычанасці. Пра Івянец — там вялікі Дом польскі, які патрабуе штомесяц камунальных аплат даволі значных. І з Лідай пытанні — там яны на нуль выходзяць дзякуючы таму, што збіраюць арэндай. І тое на нуль — гэта пад пытаннем, бо ў зімовы перыяд не хапае”.


І скардзіцца, што з 2005 года, пасля расколу ў Саюзе палякаў, яго афіцыйная частка не атрымлівае ні рубля на свае патрэбы ад Польшчы. Фінансавыя праблемы прымусілі кіраўніцтва аб’яднання пайсці на тое, каб здаваць у арэнду памяшканні ў Дамах польскіх. Што выклікала яшчэ большую незадаволенасць у Варшаве. Наладзіць жа стасункі перашкаджае не палітыка Саюза палякаў у Беларусі, а нежаданне гэтага ўладаў Польшчы.


Мечыслаў Лысы: “Пытанне ў адносінах да Саюза палякаў з боку Польшчы. Польшча сама шмат зрабіла для таго, каб прывесці да той сітуацыі, якая яна ёсць сёння. Забараняючы, да прыкладу, уезд актывістам, яна адштурхоўвае людзей ад актыўнай дзейнасці”.


Таму прагназаваць, ці зменяцца адносіны паміж афіцыйным Саюзам палякаў і польскімі ўладамі, Лысы не стаў. Але з улікам усіх пералічаных фінансавых праблем сумняецца, што новага старшыню абраць будзе лёгка. Дарэчы, сам ён, як і большасць актывістаў Саюза, з’яўляецца неўязным у Польшчу.

Фота: http://fota.bymedia.net/