АБСЕ прапанавала дапамагчы Беларусі змяніць заканадаўства ў сферы СМІ

У Беларусь прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды слова Дуня Міятавіч прыехала на запрашэнне міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага. Нагодай стаў круглы стол па пытаннях праблем развіцця байнэта, арганізаваны офісам АБСЕ ў Мінску. Гэта быў яе першы візіт у нашу краіну. Але прыехала спадарыня Міятавіч падрыхтаванай. І адразу звярнула ўвагу на відавочныя праблемы беларускіх СМІ.

Дуня Міятавіч: “Плюралізм у СМІ Беларусі адсутнічае. Ён абмежаваны ў друкаваных сродках масавай інфармацыі і застаецца пад пагрозай у інтэрнэце. Я адкрыта заяўляла ўсім сваім афіцыйным суразмоўцам, што практыка вынясення папярэджання газетам і іх закрыццё скоўвае дзейнасць прэсы і павінна быць спынена”.



Таксама Міятавіч звяртала ўвагу чыноўнікаў на незразумелыя вызначэнні незаконнай інфармацыі, распаўсюд якой забаронены. Шэраг іншых артыкулаў, што супярэчаць прынцыпам свабоды слова. Спадарыня Міятавіч адзначыла, што беларускае заканадаўства ў галіне СМІ мусіць быць грунтоўна змененае, і прапанавала дапамогу свайго офіса ў гэтай працы. І нават назвала галоўнае, што трэба змяніць як мага хутчэй.

Дуня Міятавіч: “Я заклікала да распрацоўкі і прыняцця закона аб доступе да інфармацыі, якога ў гэтай краіне пакуль няма. А таксама заканадаўства, накіраванага на прыватызацыю СМІ. І самы важны момант, які я ўздымаю ва ўсіх краінах, — неабходна адмяніць крымінальны пераслед за паклёп. Гэта першы крок, які можа зрабіць кожная краіна, каб даць сваім грамадзянам свабодна выказвацца. Пазбавіць іх крымінальнай адказнасці за паклёп, за нейкія правакацыйныя, крытычныя альбо сатырычныя выказванні. Журналісты не павінны сядзець у турме за сваё прамоўленае альбо напісанае слова”.



Больш за тое, прадстаўнік па пытаннях свабоды слова запатрабавала ад беларускіх уладаў, каб тыя падтрымалі… незалежныя СМІ.

Дуня Міятавіч:
“Я сказала ўладам, што неабходна неадкладна зрабіць захады па заахвочванні, па падтрымцы аслабленых незалежных сродкаў масавай інфармацыі і стварыць умовы для фармавання механізма незалежнай самарэгуляцыі СМІ. Якія не былі б часткай урадавых структур”.

Журналісты замежных СМІ пацікавіліся ў Дуні Міятавіч, ці ўзнімала яна пытанне спрашчэння працэдуры іх акрэдытацыі ў Беларусі. Як вядома, такія беларускія СМІ, размешчаныя за мяжой, як “Радыё “Рацыя” і тэлеканал “Белсат” ужо некалькі гадоў не могуць атрымаць акрэдытацыю ў МЗС.

Дуня Міятавіч: “Працэдура акрэдытацыі абсалютна легітымная, і яна існуе ў кожнай краіне свету. Але яна не павінна выкарыстоўвацца як інструмент, скіраваны на тое, каб не дазволіць вам рабіць сваю працу. Мяне запэўнілі, што з гэтым разбяруцца, звернуць на гэта ўвагу. І я ў дадатак накірую адпаведны ліст беларускаму ўраду”.



А “запэўнівалі” спадарыню Міятавіч міністр замежных спраў Мартынаў і прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, з якімі яна сустракалася напярэдадні.

Сустракалася Дуня Міятавіч і са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай. Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, як прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды слова ставіцца да таго, што тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты беларускае тэлебачанне плануе паказваць у запісу.

Дуня Міятавіч: “Значна лепш, калі яны будуць у жывым эфіры. Бо тады можна атрымаць нейкае ўражанне пра тое, што насамрэч там адбываецца ў рэальным часе. Але калі яны будуць у запісу, то важна, каб яны не падлягалі рэдагаванню”.

Спадарыня Міятавіч прызнала, што беларускім СМІ не даводзіцца спадзявацца на імгненныя змены ў лепшы бок — заканадаўства так хутка не мяняецца. Дый, кажа, на ўсё неабходная палітычная воля. Як аптыміст яна выказала спадзяванне, што беларускія ўлады прыслухаюцца да яе заўваг і пачнуць нешта змяняць у гэтай сферы да лепшага. А як песіміст паабяцала, што не спыніцца і будзе “грукаць у беларускія дзверы” столькі, колькі будзе неабходна.

Фота і відэа Змітра Лукашука