5 хвілін пагоні за матацыклістам — 10 выездаў на сустрэчную паласу

“У Правілах дарожнага руху ясна ўказваецца, што ў такіх выпадках аўтамабілі аператыўнага рэагавання могуць парушаць. Там напісана ў канкрэтных пунктах усё. А таксама дзеянні іншых машын прапісаныя, пры пад’ездзе да іх аўтамабіляў з чырвонымі і сінімі праблясковымі маячкамі”, -- кажуць у Аддзеле агітацыі і прапаганды сталічнай ДАІ.

Відэаролікі з кадрамі пагоні за парушальнікамі час ад часу з’яўляюцца ў інтэрнэце і больш за ўсё падобныя на карцінку з камп’ютарных гульняў. Праезд на чырвонае святло, выезд на сустрэчную паласу, перасячэнне суцэльнай двайной разметкі – усё гэта звычайная справа. Людзі ледзь паспяваюць уварочвацца ад міліцэйскіх машын. Але ўсё гэта згодна з правіламі.

120530 Pilecki gai.mp3

“Кіроўцы транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга або сіняга і чырвонага колераў могуць адыходзіць ад патрабаванняў святлафораў, дарожных знакаў і дарожнай разметкі… пры ўмове забеспячэння бяспекі дарожнага руху”, – гаворыцца ў правілах.

З забеспячэннем бяспекі руху – вялікае пытанне. На кадрах нядаўняй пагоні за матацыклістам у Гродне выразна бачна, як міліцэйскі аўтамабіль ледзь не ўязджае ў натоўп людзей на пешаходным пераходзе. Патруль ДАІ рухаўся з такой хуткасцю, што не ўсе паспявалі яго заўважыць. За няпоўныя пяць хвілін міліцэйская машына дзесяць разоў на поўнай хуткасці выязджала на сустрэчную паласу.

Відэа пагоні за матацыклістам у Гродна.

У ДАІ гавораць, што гэта вымушаная мера. Мала сфатаграфаваць нумар аўто парушальніка, трэба яшчэ даказаць, што гэта менавіта ён быў за рулём у момант парушэння.

“Чаму даганяюць? А чаму злачынцаў ловяць адразу, а не фатаграфуюць іх і не ловяць пазней? Я думаю, гэта нескладанае пытанне. Калі адбылося ДТЗ і яго ўдзельніка зафіксаваць толькі, то ён пазней скажа – а гэта не я быў за рулём”.

Разам з тым у прэс-службе рэспубліканскага ДАІ Еўрарадыё запэўніваюць, што пагоні здараюцца не так ужо і часта. Іх колькасць нават не адсочваюць – настолькі гэта рэдкая з’ява для Беларусі.

“Я нават не гатовая сказаць. Мы на ўзроўні рэспублікі не пра ўсе пагоні ведаем. Толькі калі нешта насамрэч сур’ёзнае здараецца. Але гэта вельмі рэдка бывае”.

Таксама не змаглі прыгадаць сур’ёзных аварый падчас праследавання парушальнікаў. Маўляў, супрацоўнікі ДАІ выдатна кіруюць сваімі машынамі бо праходзяць адмысловыя курсы.

“Ну, пэўна, што лепш падрыхтаваныя. І ў плане практыкі, і ў плане тэорыі. Пастаянна адбываецца павышэнне кваліфікацыі. На палігонах трэніруюцца. Ёсць і спецыяльныя курсы па кіраванні”, -- расказваюць у сталічнай ДАІ.

Майстэрства беларускіх "даішнікаў" падчас нашумелай пагоні за "Мэрсэдэсам" па вуліцах Мінска.

Дарэчы, у ПДР выразна прапісана, што калі машына ДАІ з уключанымі “мігалкамі” сутыкнецца з кім-небудзь на сустрэчнай паласе, альбо саб’е чалавека на пераходзе, вінаватымі прызнаюць зусім не міліцыянтаў. Так што будзьце ўважлівымі, калі пачуеце раптам міліцэйскую сірэну.