11-12 красавіка адбудзецца канферэнцыя Форума грамадзянскай супольнасці

11-12 красавіка ў Мінску адбудзецца канферэнцыя "Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў стратэгіі будучыні". Яе ладзіць Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Канферэнцыя заклікана забяспечыць грамадскую дыскусію аб актуальнай сітуацыі ў краіне ў цэлым і ў грамадскім сектары ў прыватнасці, а таксама аб магчымых перспектывах далейшых дзеянняў у рамках Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства на бліжэйшы перыяд.

Канферэнцыя пройдзе з удзелам беларускіх і замежных арганізацый грамадзянскай супольнасці, экспертаў, прадстаўнікоў дыпламатычных місій краін Еўрапейскага Саюза ў Беларусі.

"У сітуацыі пасля 19 снежня 2010 года актуальным пытаннем становіцца новая стратэгія дзеянняў грамадзянскай супольнасці. Відавочна, што нейкія пазітыўныя змены ў краіне немагчымыя без уцягвання “трэцяга сектара” ў дыялог пра будучыню і ліквідацыю існуючага грамадска-палітычнага расколу ў Беларусі. Аднак раздробненасць і слабасць грамадзянскай супольнасці не дазваляе ёй сёння ўступаць у раўнапраўныя адносіны з беларускай дзяржавай і ўключацца ў вырашэнне значных грамадскіх праблем",- паведамляюць арганізатары канферэнцыі на сайце eurobelarus.info.